БЕЛ Ł РУС

Скандал у беларускім скарыназнаўстве: маладога гісторыка Паршанкова вінавацяць у прысваенні чужога адкрыцця

7.03.2025 / 7:0

Ф. Раўбіч

Пражскі краязнавец Сяргей Кнырэвіч лічыць, што яго адкрыццё, якое змяняе ўяўленне пра дзейнасць беларускага першадрукара Францыска Скарыны, было выкарыстана без яго дазволу. Аўтар артыкула Аляксандр Паршанкоў не згодны з такой трактоўкай. 

Краязнавец Сяргей Кнырэвіч і гісторык Аляксандр Паршанкоў. Фота: фэйсбук-старонкі

Свой адкрыты зварот з абвінавачваннямі ў бок пражскага гісторыка і сябра Каардынацыйнай рады Аляксандра Паршанкова краязнавец Сяргей Кнырэвіч апублікаваў у фэйсбуку.

Канфлікт разгарэўся вакол артыкула «Францыск Скарына, Уроцлаў і Адам Дыян: кніжная міграцыя і першы паліятып Вялікага Княства Літоўскага», які быў апублікаваны ў навуковым часопісе «Slavistica Vilnensis» у 2024 годзе. Яго аўтары, даследчыца Надзея Марозава з Інстытута літоўскай мовы і Аляксандр Паршанкоў з Карлава ўніверсітэта, высветлілі, што Скарына выкарыстоўваў у «Малой падарожнай кніжцы», першай друкаванай кнізе на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, інструменты і гравюрныя дошкі, набытыя ва ўрацлаўскага друкара падчас вяртання з Прагі ў Вільню.

Чытайце: Новы след Францыска Скарыны адшукаўся ва Уроцлаве. Як Контррэфармацыя дапамагла выданню першай друкаванай кнігі ў ВКЛ

У маі 2023 года Сяргей Кнырэвіч апублікаваў у фэйсбуку гравюру з кнігі 1519 года, якая супадала з гравюрай у «Малой падарожнай кніжцы», выдадзенай праз тры гады Скарынам. Пры гэтым краязнавец не напісаў у сваім допісе назву кнігі, месца яе выдання і імя друкара, але падзяліўся гэтай інфармацыяй з Паршанковым.

Допіс Кнырэвіча з параўнаннем гравюр у «Малой падарожнай кніжцы» Скарыны і неназваным выданні 1519 года. Скрыншот

Як сцвярджае Кнырэвіч, пасля гэтага яго сустрэчы з Паршанковым на тэму Скарыны сталі рэгулярнымі. Пры гэтым краязнавец не даваў маладому гісторыку дазволу на выкарыстанне яго адкрыццяў, а той кляўся, што не будзе карыстацца тымі знаходкамі і матэрыяламі, якімі з імі дзяліліся. 

Значную частку артыкула, апублікаванага ў «Slavistica Vilnensis», на думку Кнырэвіча, складае менавіта публікацыя імя друкара, а таксама пераказ іх прыватных з Паршанковым разваг на гэтую тэму.

Гэтыя прэтэнзіі краязнавец спачатку выказаў у асабістай перапісцы, а пасля звярнуўся ў рэдакцыю часопіса, каб дамагчыся справядлівасці. Там яму адказалі, што лічаць сітуацыю вельмі непрыемнай.

Станам на 6 сакавіка па невядомай прычыне артыкул Марозавай і Паршанкова быў недаступны на сайце «Slavistica Vilnensis», але цяпер спасылка адкрываецца.

Каментары пад сваім допісам Кнырэвіч адключыў, таму Паршанкоў адказваў яму ў асобным допісе

Гісторык прызнае, што Кнырэвіч зрабіў шмат знаходак, якія, аднак, гадамі не ўводзяцца ў навуковы абарот, бо той не ўмее пісаць навуковыя артыкулы і не ўмее працаваць з навуковай літаратурай.

Звычайна знаходкі Кнырэвіча становяцца матэрыяламі для публікацый у медыя, а нешматлікія яго публікацыі напісаны ў суаўтарстве з рознымі людзьмі. Прэтэнзіі Кнырэвіча быць пазначаным як суаўтар у іх артыкуле Паршанкоў лічыць дзіўнымі.

Згадка пра ўклад Сяргея Кнырэвіча ў навуковым артыкуле Марозавай і Паршанкова. Фота: фэйсбук Аляксандра Паршанкова

Згадка пра друкара Адама Дыяна ў кнізе чэшскага скарыназнаўца Пятра Войта. Фота: фэйсбук Аляксандра Паршанкова

Паршанкоў звяртае ўвагу на тое, што ў іхнім артыкуле ёсць спасылка на допіс Кнырэвіча, а ў тэксце загадваецца, што менавіта ён першым знайшоў ксілаграфіі ўрацлаўскіх выданняў Дыяна. Але што тычыцца асобы Адама Дыяна і яго сувязі са Скарынам, то першым іх адкрыў чэшскі скарыназнавец Петр Войт яшчэ ў 2012 годзе. 

«Знаходкі Кнырэвіча займаюць сваё месца — гэта яго ўласнасць. Навуковыя ж тэксты друкуюцца ў навуковых часопісах і адкрыты для ўсіх зацікаўленых. Безумоўна, калі станецца, што нарэшце Сяргей Кнырэвіч надрукуе хоць нешта са сваіх знаходак, для скарыназнаўства гэта будзе карысным унёскам», — падсумоўвае Паршанкоў.

Чытайце таксама:

«Чуў, што я ў спісах на кантролі Качанавай». Як малады гісторык перабраўся з БДУ ў Прагу

«Супрацоўнік ГУБАЗіКа ўзяў у мяне кнігу з вершамі і папрасіў аўтограф». Расказваем пра студэнта, які стварыў прафсаюз у БДУ

Каментары да артыкула