У цэнтры Мінска прадаюць незвычайную аднушку з відам на Свіслач. Яшчэ нядаўна за яе прасілі амаль $200 тысяч
9.03.2025 / 8:0
У гэтай кватэры адразу тры балконы.
Фота: realt.by
У Мінску прадаюць аднушку на Камуністычнай, 8 з відам на Свіслач. Галоўная разынка гэтай кватэры — не сам від з вокнаў, а тры балконы плошчай па 1,9 м² кожны. Яны размешчаныя акурат у той частцы дома, дзе стаяць чатыры дэкаратыўныя калоны.
Фота: realt.by
Сама кватэра мае агульную плошчу 51 м², з якіх 35 м² займае гасцёўня-прыхожая са спальным ложкам і прамавугольнай калонай пасярод пакоя. Вышыня столяў — 3 метры.
Фота: realt.by
Адметна, што санвузел у гэтай кватэры па плошчы большы за кухню: 8,1 м² супраць 7,3 м².
У ванным пакоі зробленая прасторная душавая, усталяваныя стылёвыя ўмывальнік і ўнітаз, а вось з асвятляльнымі прыборамі ва ўсёй кватэры бяда: са столяў паўсюль тырчаць правады.
Фота: realt.by
Кватэра выстаўленая на продаж з канца лютага. Спачатку за яе прасілі 190 тысяч даляраў, але нядаўна цану знізілі — прычым адразу на 50 тысяч. Калі пашукаць, то за такую зніжку можна набыць аднапакаёвую хрушчоўку.
Фота: скрыншот з сайта realt.by
Цяпер эксклюзіўную кватэру ў цэнтры можна набыць за 140 тысяч даляраў — гэта каля 2650 даляраў за квадратны метр. Агулам жа, паводле рэальных здзелак, сярэдні кошт квадратнага метра ў аднапакаёвых кватэрах Мінска складае 1780 даляраў.