БЕЛ Ł РУС

Беларускія навукоўцы з дапамогай ДНК-тэхналогій адновяць выгляд знатнай жанчыны, якая жыла ў Тураве ў XII стагоддзі

7.03.2025 / 18:37

Nashaniva.com

У рамках даследаванняў плануецца ўдакладніць яе біялагічны ўзрост, рост і іншыя асаблівасці.

Парэшткі знатнай жанчыны з шыфернага саркафага, выгляд якой плануюць аднавіць сучаснымі метадамі. Фота: Інстытут гісторыі НАН Беларусі

Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў Інстытут гісторыі НАН Беларусі. 

4 сакавіка загадчыца аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны інстытута Наталля Пачобут, а таксама супрацоўнікі аддзела антрапалогіі Мікалай Памазанаў і Валянціна Віннікава наведалі археалагічную экспазіцыю «Старажытны Тураў».

З кіраўніцтвам і захавальнікамі Тураўскага краязнаўчага музея супрацоўнікі інстытута абмеркавалі пытанні, звязаныя з фондамі і навукова-даследчай працай з археалагічнымі матэрыяламі Тураўскага сабора пачатку 70-х гадоў XII стагоддзя. Экспазіцыя музея, прысвечная старажытнаму Тураву размяшчаецца ў павільёне, узведзеным у 2005 годзе над раскапаным падмуркам старажытнага храма, разбуранага, як лічыцца, землятрусам 1230 года.

Рэшткі старажытнарускага храма ў экспазіцыі «Старажытны Тураў». Фота: Інстытут гісторыі НАН Беларусі

Асобную ўвагу даследчыкі надалі жаночаму пахаванню, захаванаму ў 2005 годзе метадам пераносу саркафага. Прынялі меры, каб палепшыць яго экспанаванне.

Навукоўцы плануюць даследаваць гэтыя парэшткі і ўдакладніць біялагічны ўзрост, рост і іншыя марфалагічныя асаблівасці пахаванай асобы, выкарыстоўваючы метады гісталогіі, лічбавай рэнтгенаграфіі і камп’ютарнай рэканструкцыі знешняга аблічча з прымяненнем ДНК-тэхналогій.

Даследаванні дазволяць больш дэталёва і дакладна аднавіць знешнасць жанчыны, якая належала да эліты Тураўскага княства XII стагоддзя, і пашырыць уяўленне пра сацыяльны склад насельніцтва гэтага рэгіёна ў старажытнасці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула