БЕЛ Ł РУС

Любіце паспаць на выхадных? Вось што з вамі будзе

10.03.2025 / 22:42

Nashaniva.com

Многія з нас імкнуцца кампенсаваць недасыпанне будных дзён за кошт доўгага сну ў выходныя. Гэта стала аб'ектам даследавання навукоўцаў.

Фота Depositphotos.com

Вучоныя працягваюць праводзіць даследаванні таго, як працягласць і рэгулярнасць сну ўплывае на наша здароўе. Пры гэтым звяртаецца ўвага і на сон у выхадныя дні.

Адно з нядаўніх даследаванняў вучоных з кітайскага Цэнтральна-Паўднёвага ўніверсітэта паказала, што дадатковы сон у выхадныя (на адну-дзве гадзіны даўжэйшы за звычайны) змяншае імавернасць з'яўлення дэпрэсіўных сімптомаў на 46%. 

Даследчыкі прааналізавалі даныя каля 8 тысяч чалавек, якія адказвалі на пытанні пра свой рэжым сну і наяўнасць сімптомаў дэпрэсіі. Яны выявілі, што амаль палова тых, хто даўжэй спаў у выхадныя, радзей сутыкалася з прыкметамі дэпрэсіўнага стану. Гэты эфект быў асабліва заўважны ў людзей, якія ў будныя дні спалі шэсць гадзін ці менш.

З іншага боку, навукоўцы не разглядаюць гэты метад як універсальнае вырашэнне праблемы недасыпання, бо доўгі сон у выхадныя можа прывесці да збояў у цыркадных рытмах, з-за чаго засынаць у нядзелю становіцца складаней, а прачынацца ў панядзелак — яшчэ цяжэй.

Акрамя таго, іншыя даследаванні паказалі, што рэгулярнае «дасыпанне» па раніцах у выхадныя можа быць звязана з павышанай рызыкай дыябету, атлусцення і хвароб сэрца.

Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што найлепшы спосаб захаваць здароўе — падтрымліваць стабільны рэжым сну, спаць ад сямі да дзевяці гадзін кожную ноч і не дапускаць моцнага недасыпання ў будні.

Калі вы не можаце выспацца ў працоўныя дні, лепш не кампенсаваць недасыпанне доўгім начным сном у выхадныя, а паспрабаваць кароткі дзённы сон (20-30 хвілін). Гэта дапаможа аднавіць сілы і зменшыць нагрузку на сэрца без негатыўных наступстваў.

Пра карысць дзённага сну ў выхадныя сведчаць вынікі даследавання кітайскіх вучоных, якія на працягу 15 гадоў аналізавалі даныя з Брытанскага біябанка пра сон 91 тысячы чалавек, каб адсачыць яго сувязь з сардэчнай недастатковасцю, інфарктамі, арытміяй і інсультамі. Каля 20 тысяч з іх былі класіфікаваныя як тыя, хто адчувае дэфіцыт сну, бо спалі ў сярэднім менш за сем гадзін у суткі.

Вынікі паказалі, што дзённы сон у вольныя ад працы дні можа істотна знізіць рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў. Працяглае назіранне за ўдзельнікамі даследавання паказала, што ў тых, хто рэгулярна дазваляў сабе спаннё па выхадных, рызыка сардэчна-сасудзістых хвароб зніжалася на 19%. Асабліва гэта тычылася людзей, якія ў будні спалі менш за належную норму.

Так што аматарам даўжэй паспаць у выхадныя варта перагледзець свае звычкі: калі жадаецца адпачыць, лепш зрабіць гэта днём, а не спаць да абеду.

Чытайце таксама:

Ці шкодзіць здароўю доўгі сон? Вось што кажуць навукоўцы

Пракрастынацыя перад сном: што гэта такое і як з ёй змагацца

Як спаць па 7 гадзін і адчуваць сябе выспаным

Каментары да артыкула