БЕЛ Ł РУС

Пачаў вывяргацца вельмі небяспечны вулкан у Гватэмале

11.03.2025 / 17:44

Nashaniva.com

У Гватэмале прачнуўся вулкан Фуэга, які сейсмолагі лічаць адным з самых сейсмічна актыўных у свеце, піша Euronews.

Фота: AP Photo/Moises Castillo

Каля 300 сем'яў ужо эвакуяваныя, але ўлады папярэджваюць, што ў зоне рызыкі знаходзяцца прыкладна 30 000 жыхароў: вулкан размешчаны ўсяго за 60 кіламетрах ад сталіцы гэтай цэнтральнаамерыканскай дзяржавы, якая таксама завецца Гватэмала.

Вывяржэнне пачалося ў ноч на панядзелак. Пра ахвяры і пацярпелых інфармацыі пакуль не паступала.

Улады распарадзіліся аб закрыцці школ і ключавой аўтатрасы, якая злучае некалькі населеных пунктаў у найбліжэйшых раёнах.

Па словах сейсмолагаў, найбольшую небяспеку ўяўляе не само вывяржэнне вулкана, а лахары — гразевыя патокі з вады, попелу, горных парод і камянёў, якія сцякаюць са схілаў і могуць знішчыць цэлыя вёскі.

Вышыня «Чы-гаг» — так вулкан называлі плямёны індзейцаў, што ў перакладзе з іхняй мовы «месца, дзе гарыць агонь» — складае 3763 метры над узроўнем мора. Апошні раз ён праяўляў значную актыўнасць два гады таму.

Вывяржэнне ў 2018 годзе забрала жыцці 194 чалавек, яшчэ 234 зніклі без вестак.

Інтэнсіўнасць вулканічных выкідаў спецыялісты ацэньваюць пакуль як умераную. Але, чакаецца, што патокі лавы ў найбліжэйшы час узмоцняцца, паведаміла мясцовая служба рэагавання ў надзвычайных сітуацыях. Сейсмолагі прагназуюць, што слупы попелу будуць дасягаць вышыні ў 7000 метраў. У сувязі з гэтым авіязносіны над гэтым раёнам Гватэмалы робяцца з абмежаваннямі.

Чытайце таксама:

На Гаваях пачаў вывяргацца вулкан Кілауэа — адзін з самых актыўных вулканаў у свеце

У Гватэмале аўтобус упаў з моста, загінуў як мінімум 51 чалавек

«Бегаюць голыя дзеці разам з качкамі і парсюкамі». Беларуска пераехала ў Гватэмалу і расказвае пра гэту экзатычную краіну

Каментары да артыкула