БЕЛ Ł РУС

Прадстаўніка Трампа Кіта Келага маглі адхіліць ад мірных перамоў на патрабаванне Расіі

14.03.2025 / 0:0

Nashaniva.com

Спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па пытаннях Украіны і Расіі Кіт Келаг быў на патрабаванне Расіі адхілены ад перамоў аб спыненні вайны, паведамляе NBC News са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Кіт Келаг. Фота: Siavosh Hosseini / SOPA Images / LightRocket via Getty Images

«Келаг — былы амерыканскі генерал, занадта блізкі да Украіны. Не такі чалавек нашага тыпу, не таго калібру, якога мы шукаем», — сказаў выданню неназваны расійскі чыноўнік, дадаўшы, што «занадта праўкраінскім» яго лічыў, у прыватнасці, Уладзімір Пуцін.

Прадстаўнік ЗША з адміністрацыі Трампа пацвердзіў выданню, што менавіта Расія не хацела прыцягнення спецпрадстаўніка да перамоваў, але не ведае, калі пра гэта было паведамлена Беламу дому.

Выданне адзначае, што Келаг не прысутнічаў на амерыкана-расійскіх перамовах у Эр-Рыядзе 18 лютага. Офіс Келага не адказаў на просьбу пракаментаваць, чаму ён не ўдзельнічаў у перамовах і ці прасіў пра гэта расійскі бок.

Прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джэймс Х'юіт заявіў выданню, што Келаг застаецца «каштоўнай часткай каманды, асабліва ў тым, што тычыцца перамоў з нашымі еўрапейскімі саюзнікамі».

Раней пра тое, што Кіт Келаг фактычна адхілены ад справы арганізацыі мірных перамоў паміж Расіяй і Украінай за пасярэдніцтвам ЗША, пісала выданне Politico. Яго крыніцы ў адміністрацыі Трампа сцвярджалі, што замест Келага на галоўныя ролі вылучыліся іншыя асобы, у тым ліку дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа, дарадца Трампа па нацыянальнай бяспецы Майк Уолц і прадстаўнік на Блізкім Усходзе Стыў Уіткаф.

Чытайце таксама:

«Гэта як біць асла палкай па носе». Кіт Келаг патлумачыў, навошта ЗША спынілі падтрымку Украіны

Хто такі Кіт Келаг, ад меркавання якога залежыць лёс міру ва Украіне

«Адважны лідар краіны, якая ваюе». Кіт Келаг пракаментаваў сустрэчу з Зяленскім

Каментары да артыкула