На дарогі Беларусі выйшлі натоўпы шэрых жабаў. Што робіцца?
14.03.2025 / 14:50
У сацсетках з'яўляюцца кадры праезных частак беларускіх дарог, літаральна абсыпаных жабамі.
Koko.by
Koko.by змясціў у сваім тэлеграм-канале фота дарогі, якая вядзе да санаторыя «Юнацтва» на Мінскім моры.
Гэта шэрыя жабы, якія нерастуюць, патлумачыў у сваім тэлеграм-канале Прыпяцкі запаведнік. І адбываецца гэты акт кахання вельмі цікава.
Зверху, як вершнік, моцна ўчапіўшыся ў самку, сядзіць самец. Ён яшчэ з першымі цёплымі сонечнымі прамянямі чакае на беразе вадаёма сваю самую буйную сяброўку. І чым самка буйнейшая, тым лепш. Самец хапае выбранніцу ў моцныя абдымкі і не выпускае са сваіх лап, пакуль яна не адкладзе ікру.
Абдымкі стымулююць паспяванне ікры і яе своечасовы выхад, а каб самка не выслізнула, самец з усіх сіл уціскае ў яе бакі кісці, на якіх ёсць шлюбныя мазалі — шурпатыя ўчасткі скуры.
Для апладнення самцу дастаткова пакрыць семем ікру, бо ў жаб адбываецца знешняе апладненне.
Бывае, што самцы не хочуць саступаць самку адзін аднаму, і ёй даводзіцца цягнуць на сабе двух «кавалераў». Але самы дужы хутка распраўляецца з канкурэнтам.