З 1 красавіка ўступаюць у сілу новыя правілы па платных падпісках ад мабільных аператараў
15.03.2025 / 13:25
Падрабязнасці на прэс-канферэнцыі ў Мінску распавяла начальніца ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іна Гаўрыльчык, піша Blizko.by.
Гаворка ідзе пра рассылку беларускімі мабільнымі аператарамі прапаноў аб падпісцы на розныя сэрвісы або паслугі.
— Прыходзіць прыгожая спасылка, вельмі лаканічная — усяго дзве радкі, у якіх гаворыцца, што ёсць цудоўны рэсурс, на які можна падпісацца. Абанент проста адкрывае спасылку, глядзіць, закрывае — калі яму нецікава, і забываецца пра гэта.
Але аказваецца, што ён ужо падпісаўся на паслугу, і грошы спісваюцца. Даведаецца ж спажывец пра гэта толькі тады, калі бачыць у сваім балансе незразумелыя спісанні.
Выявіць, калі і дзе гэта адбылося, вельмі складана. У выніку спажыўцы кажуць, што ніякіх дзеянняў не здзяйснялі — толькі адкрылі спасылку і закрылі, бо паслуга ім не патрэбная.
Таму МАРГ цяпер адпрацоўвае ўсе звароты, якія ў нас ёсць на гэтую тэму, паціху грошы вяртаюцца, але праблему трэба было вырашаць сістэмна, — тлумачыць сутнасць пытання Іна Гаўрыльчык.
Раней МАРГ накіраваў свае прапановы ў Міністэрства сувязі Беларусі. — Пасля гэтага былі скарэкціраваны правілы аказання паслуг электрасувязі. З 1 красавіка дзеянне па падпісцы на платную рассылку павінна быць дакладна зафіксавана.
Калі спажывец здзяйсняе дзеянне, ён павінен разумець, што яму прапануюць. Таму з 1 красавіка адзнака пра згоду на платную падпіску павінна быць свядомай.
Гэта будзе забяспечвацца наступнымі спосабамі:
- адзнакай у асабістым кабінеце;
- накіраваннем USSD-запыту або SMS-паведамлення;
- выкарыстаннем электроннага лічбавага подпісу;
- падачай заявы ў сэрвісным цэнтры аператара ад абанента.
Толькі пасля гэтага чалавек будзе дакладна разумець, на што ён падпісваецца.
— А то тут аператары, мала таго, што вось гэта было парушэннем, яны пайшлі яшчэ далей — пачалі прапаноўваць платную паслугу па кантролі за такімі падпіскамі, — сказала Іна Гаўрыльчык.
У МАРГ лічаць, што такі падыход — навязванне платных паслуг беларусам.
— Навязванне ў нас не дапускаецца, таму расцэньваю гэта, як добрую навіну для спажыўца, будзем ацэньваць, як новаўвядзенні будуць працаваць з 1 красавіка, — сказала прадстаўніца МАРГ.