БЕЛ Ł РУС

Сугак расказала, як у Берліне сусед выклікаў на яе паліцыю

16.03.2025 / 19:27

Nashaniva.com

Прычына, па якой да журналісткі Яўгеніі Сугак прыехала паліцыя па званку суседа, беларусу можа падацца вельмі дзіўнай.

Яўгенія Сугак. Фота: сацсеткі

Пра выпадак, які з ёй адбыўся ў Берліне, Яўгенія Сугак расказала ў новым выпуску свайго ютуб-праекта «Мне таксама не падабаецца».

«У мяне нядаўна сусед выклікаў паліцыю на нас. І не таму, што ў нас была вечарынка. Гэта было а 10-й вечара, і яму не спадабалася, як у нас брахаў сабака. Гэта ўжо парушэнне рэжыму цішыні», — адзначае жанчына і прыводзіць падрабязнасці.

«Нас не было дома. Ён нам пазваніў. Мы сказалі, што вяртаемся, таму што мы былі літаральна за 15 хвілінаў. Але ў яго ўжо быў іншы настрой. І ён выклікаў міліцыю. І вось прыехала двое паліцэйскіх».

Па словах Сугак, сабака пры паліцэйскіх паводзіў сябе вельмі міла:

«Быў такі харошы, хадзіў паміж імі і ўсміхаўся. У выніку паліцэйская не вытрымала, нахілілася і пачала яго гладзіць. Гэта ўсё [адбывалася] у працэсе нашай размовы, таму што быў яшчэ сусед».

Журналістка адзначае, што калі ўбачыла ў дзвярное вочка паліцыю, яна ні на секунду не спалохалася:

«Я была настолькі расслабленая. Адчыніла ім дзверы. Мы добра пагаварылі. Да нас не было пытанняў. Яны сказалі суседу, што гэта жылы дом і ўсялякае бывае.

Але не было ўвогуле ні секунды нават [спалоху]. Унутры нічога не сціснулася. І гэта, мне падаецца, адна з фундаментальных рэчаў. Ты не баішся тут тых, хто павінен цябе па факце абараняць».

Чытайце таксама:

Шрайбман і Астапеня падарылі Сугак беленькага сабачку

«Ад вобразу тусоўшчыцы я не адмыюся». Шчырая гутарка з Яўгеніяй Сугак пра асабістае, тэксты для Калеснікавай і праклён беларускіх медыя

«На першым спатканні я б прапанавала ўсім жанчынам плаціць самастойна»

Каментары да артыкула