БЕЛ Ł РУС

Украінцы ўзялі ў палон ураджэнца Магілёва і прысудзілі яму 15 гадоў за дзяржаўную здраду

18.03.2025 / 23:59

Глафіра Жук

43-гадовы Дзмітрый Кастагладаў быў кадравым вайскоўцам Узброеных сіл Украіны, служыў у Крыме. Але пасля 2014 года стаў здраднікам.

Дзмітрый Кастагладаў. Фота: тг-канал «Дождусь тебя» 

Дзмітрый Кастагладаў нарадзіўся ў 1982 годзе ў Магілёве, але меў грамадзянства Украіны. Да красавіка 2014-га ён быў кадравым вайскоўцам Узброеных сіл Украіны, служыў у Крыме. Пасля таго, як Расія захапіла паўвостраў, Дзмітрый перайшоў на бок акупантаў і перабраўся на Данбас.

Дзмітрый Кастагладаў. Фота: сацсеткі

У 2014 годзе Кастагладаў жыў у Данецку, пасля акупацыі якога ўступіў ва ўзброенае фармаванне «Кальміус» так званай «Данецкай народнай рэспублікі». Пра гэта паведамляла ўкраінскае выданне «Судовий репортер».

Вядома, што ў 2022 годзе Кастагладаў падпісаў кантракт з вайсковай часцю ў Севастопалі, але праз чатыры месяцы скасаваў дамову, бо там яму не плацілі. Тады ён уладкаваўся ў прыватную вайсковую кампанію «Канвой». Таксама «Наша Ніва» даведалася, што Дзмітрый працаваў у прыватнай ахоўнай арганізацыі «Таур» і на Альмінскім заводзе будаўнічых матэрыялаў.

Дзмітрый Кастагладаў. Фота: сацсеткі

30 ліпеня 2023 года ў расійскім Якуцку Кастагладаў падпісаў чарговы вайсковы кантракт і быў прызначаны камандзірам аддзялення 1466-га мотастралковага палка ВС РФ. Чаму ў Якуцку? Бо там добраахвотнікам плацілі больш.

Мужчына меў званне старшага сяржанта, спецыяльнасць — памежныя войскі, спецыяліст радыётэхнічнага паста. 18 красавіка 2024 года групу расійскіх вайскоўцаў накіравалі на штурм украінскіх пазіцый у раёне Старамлынаўкі, сяла ў Валнавахскім раёне Данецкай вобласці. Там Кастагладаў трапіў у палон.

5 жніўня 2024 года Дружкоўскі гарадскі суд Данецкай вобласці прызнаў Дзмітрыя Кастагладава вінаватым у дзяржаўнай здрадзе. Яго прыгаварылі да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Вядома, што ў мужчыны ёсць двое дзяцей. 

Чытайце таксама:

На вайне знік без вестак «Беларус» — жыхар Бараўлянаў, які ўхіляўся ад беларускага войска, але пайшоў паміраць за Расію

На вайне знік без вестак беларускі зваршчык, які паваяваў за Расію не больш за месяц

Стала вядома пра гібель «Бульбаша», які ваяваў за Расію

Каментары да артыкула