БЕЛ Ł РУС

«Выдатныя навіны», «крутое рашэнне». Графач і Маргарыта Сіманьян у захапленні ад магчымага закрыцця «Свабоды»

17.03.2025 / 16:55

Nashaniva.com

Лукашэнкаўская прапаганда ўхваляе новыя крокі адміністрацыі Дональда Трампа. 

Архіўнае фота: дырэктар Беларускай службы радыё «Свабода» Аляксандр Лукашук (у цэнтры) і работнікі станцыі. Фота: Радыё Свабода

«Выдатныя навіны, — піша тэлеграм-канал «Жоўтыя злівы», звязаны з беларускім рэпрэсіўным апаратам. — Трамп падпісаў указ аб ліквідацыі сямі федэральных агенцтваў, уключаючы Агенцтва глабальных медыя ЗША.

Менавіта яно курыравала такія інфармацыйныя рэсурсы, як «Голас Амерыкі», «Радыё Свабода/Радыё Свабодная Еўропа», «Радыё Свабодная Азія».

«Цяпер ім пара асвойваць новую прафесію. Біржа працы чакае!» — вітаюць навіну «Жоўтыя злівы».

«Атрымліваецца, без дзяржаўнай падтрымкі «змагары за свабоду» не такія ўжо і крутыя», — кпіць канал «Глас МІДа», які звязаны з прэс-службай Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Тэлеграм-канал «Графач», які звязваюць з міністрам інфармацыі Маратам Маркавым, параўнаў закрыццё «Свабоды» па сваім значэнні з вывадам амерыканскіх войскаў з Афганістана.

«Закрыццё праектаў USAID і «Радыё Свабода» па сутнасці нагадвае вывад амерыканскіх войскаў з Афганістана. Гаспадары кінулі дзясяткі тысяч сваіх прыслужнікаў, якія чапляліся за шасі вайсковых самалётаў, якія адляталі, не зважаючы на іх далейшы лёс», — жарыць «Графач».

«Сёння свята ў маіх калег на RT і «Спутніку», таму што Трамп абвясціў пра закрыццё «Радыё Свабода» і «Голасу Амерыкі». Гэта крутое рашэнне з боку Трампа!» — заявіла, у сваю чаргу, кіраўніца Russia Today Маргарыта Сіманьян у эфіры праграмы Уладзіміра Салаўёва на тэлеканале «Россия», на якім прысутнічаў таксама Вадзім Гігін.

Чытайце таксама:

«Радыё Свабода» і тэлеканал «Настоящее время» прыпыняюць працу 1 красавіка

У Трампа патлумачылі рашэнне спыніць фінансаванне «Голасу Амерыкі»

«Упершыню за 83 гады легендарны «Голас Амерыкі» змушаны змоўкнуць»

Трамп падпісаў указ аб значных скарачэннях на «Радыё Свабода» і яшчэ шасці навінавых карпарацыях

У ЗША абвясцілі аб адмене падпісак на міжнародныя навінавыя агенцтвы для «Радыё Свабоды» і «Голасу Амерыкі»

Каментары да артыкула