Скон тарашкевіцы. Закрыццё «Радыё Свабода» можа завяршыць моўную эпоху
18.03.2025 / 15:7
Беларуская служба «Радыё Свабода» — апошні буйны рэсурс, які прытрымліваецца «тарашкевіцы». У выпадку яе закрыцця гэты правапіс страціць адну з апошніх апор, што можа прывесці да канчатковага знікнення альтэрнатыўнай нормы з медыяпрасторы.
Фота: Радыё Свабода
Дзве нормы
Першыя спробы ўнармаваць беларускі правапіс рабіліся многімі мовазнаўцамі ў пачатку XX стагоддзя. Аднак толькі са з’яўленнем «Беларускай граматыкі для школ», выдадзенай Браніславам Тарашкевічам у 1918 годзе, беларускі правапіс атрымаў сваё ўнармаванае аблічча. Правапіс гэты быў недасканалым, што ўсведамляў і сам Тарашкевіч, а пашырэнне сфер ужывання беларускага пісьма вымагала далейшага ўнармавання арфаграфіі.
Развязаць моўныя пытанні павінен быў акадэмічны праект рэформы беларускага правапісу, падрыхтаваны беларускімі навукоўцамі ў 1930 годзе. Але прыход да ўлады Сталіна, згортванне палітыкі беларусізацыі і пачатак шырокамаштабных рэпрэсій не далі праекту быць рэалізаваным. Замест яго пачаў рыхтавацца іншы праект, які быў пазбаўлены «нацдэмаўскага ўплыву».
Змена назвы газеты «Звязда» ў 1933 годзе
Нягледзячы на заўважны русіфікатарскі ўхіл акадэмічнага праекта 1933 года, ён не задаволіў кіраўніцтва СССР праз празмерную памяркоўнасць у справе набліжэння беларускай мовы да рускай. Створаная палітычная камісія, у якой не было ніводнага мовазнаўцы, перагледзела правілы беларускай мовы.
Беларусы за межамі СССР, у першую чаргу ў Заходняй Беларусі, а таксама беларускія цэнтры ў Латвіі, Празе і Берліне не прынялі рэформы беларускага правапісу 1933 года. У пасляваенны час дарэформенным правапісам, часам мадыфікаваным, працягвала карыстацца беларуская эміграцыя.
Галіна Руднік і Уладзімір Цвірка ў студыі «Радыё Свабода». Фота: «Радыё Свабода»
Беларуская нацыянальная служба, тады яшчэ радыё «Вызваленне», якая пачала працу ў маі 1954 года складалася як з выхадцаў з Заходняй Беларусі, так і з тых, хто пражываў да пачатку вайны ў БССР. Пытанне правапісу не мела значэння, бо ў радыёфармаце, у якім вяшчала медыя, адрозненні паміж нормамі неістотныя, а русіфікатарскія навацыі савецкіх уладаў на жывое маўленне ўплывалі мала.
Эпоха перамен
Тым часам пасля развянчання культу Сталіна з 1957 года акадэмічны правапіс паступова пазбаўляўся ад вынікаў русіфікатарскага ўмяшання. З пачаткам дэмакратызацыі ў час «перабудовы» зноў было ўзнятае пытанне правапісу. Ужо да пачатку 1990-х сталі масава з’яўляцца перыядычныя выданні, якія прытрымліваліся даваеннага правапісу, што супрацьпастаўляўся зрусіфікаванаму савецкаму.
На «тарашкевіцы» выходзілі газеты «Свабода», «Пагоня», «Наша Ніва», часопіс «Спадчына», гэтым жа правапісам карысталася беларуская рэдакцыя Польскага Радыё і іншыя. Беларуская служба «Радыё Свабода», якая ў 1998 годзе выйшла ў інтэрнэт і займела ўласны сайт з тэкставымі навінамі, таксама аддала перавагу гэтаму правапісу.
Газета «Свабода» адно з першых незалежных выданняў у Беларусі, якое друкавалася альтэрнатыўным правапісам.
Нават на старонках дзяржаўнага часопіса «Мастацтва» можна было пабачыць артыкулы, напісаныя «тарашкевіцай». Здавалася, што старая норма вось-вось возьме верх над савецкай.
Але як такой агульнай нормы і не было, у выданнях карысталіся рознымі правіламі граматыкі, перадачы слоў іншамоўнага паходжання і рознай лексікай.
Унармаваць правапіс узяўся мовазнавец Вінцук Вячорка, які апублікаваў свой праект у 1995 годзе. На аснове гэтага праекта быў падрыхтаваны і выдадзены ў 2005 годзе збор правілаў «Беларускі клясычны правапіс. Сучасная нармалізацыя». Нармалізацыю прынялі ўсе асноўныя выданні, якія на той час прытрымліваліся «тарашкевіцы».
Дзяржаўная рэакцыя
З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі недзяржаўныя медыя, якія карысталіся «тарашкевіцай» і раней былі ў апазіцыі да савецкага рэжыму, аказаліся ў апазіцыі да новай улады, якая вярнулася ў рэчышча савецкіх наратываў і скіравала палітыку на збліжэнне з Расіяй. Рэжым Лукашэнкі ціснуў на сваіх апанентаў і незалежныя выданні, праз суд былі ліквідаваныя газеты «Свабода» і «Пагоня».
Нумар «Нашай Нівы» за 2008 год, калі газета яшчэ трымалася «тарашкевіцы».
Адрозненне па правапісе было ўразлівым месцам незалежных медыя, у якое біла дзяржаўная машына. Але ў 1998 годзе «Наша Ніва» праз суд усё ж адстаяла сваё права выдавацца альтэрнатыўным правапісам, бо на той момант у заканадаўстве не было патрабавання карыстацца афіцыйным правапісам.
Гульні з найменнем
Цікавы ўплыў на грамадскае меркаванне праявіўся ў тым, як пачалі называць дзе нормы беларускай мовы. Альтэрнатыўную норму яе кадыфікатары назвалі «тарашкевіцай» у гонар выдатнага мовазнаўца і грамадскага дзеяча, які стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій, што выклікае водгук у свядомых беларусаў.
А афіцыйны правапіс ахрысцілі «наркамаўкай» — гэтае слова мае відавочна негатыўнае і пагардлівае адценне, падкрэсліваючы яго сувязь з савецкай эпохай і прымусовым увядзеннем русіфікаваных правіл.
І гэта пры тым, што ад тых самых савецкіх наркаматаў у афіцыйным правапісе мала што засталося. Ужо ў пачатку 1990-х, адчуваючы патрэбу ўдакладненняў у правапісе, афіцыйная норма пачала павольна рэфармавацца, ачышчацца ад слядоў русіфікацыі і прымаць некаторыя нормы, якія былі ў акадэмічным праекце 1930 года.
Апошняй вяхой у гэтым працэсе сталі правілы беларускай мовы, які былі зацверджаныя ў 2008 годзе.
Заняпад «тарашкевіцы»
Нягледзячы на тое, што ў сярэдзіне 2000-х гадоў, падмацаваны ў тым ліку свежым унармаваннем, альтэрнатыўны правапіс працягваў трымаць пазіцыі ў незалежных выданнях і непадзельна ўладарыў на прасторах маладога байнэту, тарашкевічнага фронту не склалася. Рацыянальныя фактары пачалі пераважаць над ідэалагічнай чысцінёй.
Адно за адным незалежныя выданні, якія трымаліся альтэрнатыўнага правапісу, перайшлі на афіцыйную норму. Гэта зрабіў нават часопіс «Спадчына», намеснікам рэдактара якога ў той час працаваў кадыфікатар альтэрнатыўнага правапісу Вінцук Вячорка. Працэс паскорыла прыняцце ў 2008 годзе закона «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», які набыў моц у 2010 годзе.
Нумар «Нашай Нівы» за 2010 год.
У 2008 годзе на афіцыйны правапіс перайшла і «Наша Ніва». Гэта адбылося ў момант вяртання газеты ў кіёскі і каталогі «Белпошты».
«НН» ставіць перад сабой задачу заваёвы новай аўдыторыі. Вяртанне ў кіёскі «Саюздруку» дае такі шанец. Непрызвычаеным людзям чытаць па-беларуску класічным правапісам цяжэй, моцна цяжэй. Тое адназначна паказвалі сацыялагічныя даследаванні, дый кожны з нас тое бачыў або адчуваў на сабе. Гэты псіхалагічны бар’ер абмяжоўваў аўдыторыю. Мы хочам, каб новыя і новыя людзі пачалі набываць газету, ідэнтыфікавалі беларускую мову як сваю, не адчувалі ад яе адчужэння. Было б недаравальна, каб непрыяцелі беларускага тыкалі: вось, мы іх дазволілі, і што — жменька чытачоў у іх», — гаварылася ў звароце Рэдакцыі.
«Тарашкевіца» мела (і мае) некалькі істотных і пакуль невырашальных праблем.
Галоўная прычына адмовы ад «тарашкевіцы», з якой вынікаюць усе іншыя — гэты правапіс не вучаць у школах. Сёння выпускнік беларускай школы, якая часам ёсць адзінай крыніцай вывучэння беларускай мовы, не ведае правіл «тарашкевіцы», а іх вывучэнне патрабуе ад яго дадатковых высілкаў.
Дый некаторыя месцы альтэрнатыўнага правапісу, як тая ж перадача лацінскіх і грэчаскіх тэрмінаў, даволі спрэчныя. Звычайна кадыфікацыі ідуць следам за узусам, «тарашкевіца» ж дыктуе узусу погляды мовазнаўцаў 1930-х.
Аўтарская перадача «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам» на «Радыё Свабода». Скрыншот відэа
Трапляючы ў «тарашкевічнае» асяроддзе, беларус пасля школы ў адзін момант становіцца непісьменным, яго трэба перавучваць. Але няма курсаў, няма анлайн-перакладчыкаў, няма талковых анлайн-праграм праверкі правапісу, няма падручнікаў, мала слоўнікаў і энцыклапедычных выданняў — усяго таго, на што багатая афіцыйная норма, а выбар літаратуры, напісанай «тарашкевіцай», абмежаваны жанрава і ідэйна.
Нават у інтэрнэт-прасторы, якая не ведае адміністрацыйнага ціску ў плане выкарыстання пэўнай моўнай нормы, справы «тарашкевіцы» ўжо даўно далёкія ад добрых. Калі інтэрнэт стаў шырока даступны беларусам, то дамінаванне «тарашкевіцы», пашыранай сярод палітычна актыўнай часткі грамадства, якая першай выбралася ў сусветнае павуцінне, стала растварацца нават у сацсетках, у гэтай прыватнай прасторы, якую ніякі моўны закон не рэгулюе.
Толькі дзясятая частка беларускамоўных карыстальнікаў твітара прытрымліваюцца альтэрнатыўнага правапісу.
Праверыць гэта вельмі проста: дастаткова зайсці ў твітар, вядомы жывой і актыўнай беларускамоўнай супольнасцю, і падлічыць колькасць ужыванняў «ёсць» супраць «ёсьць».
На момант напісання артыкула за апошнія суткі слова «ёсць» у твітары было ўжыта 61 раз, а слова «ёсьць» — усяго 8, пры тым адзін з разоў у твіце «Радыё Свабода». У 2008 годзе ў артыкуле «Нашай Нівы» просты аналіз па тых жа словах паказваў поўны парытэт ва ўжыванні акадэмічнага і альтэрнатыўнага правапісаў у інтэрнэце.
Радыё «Свабода» з'яўляецца сёння адным з нешматлікіх беларускіх выдаўцоў, якія друкуюць кнігі «тарашкевіцай». Фота: «Радыё Свабода»
«Радыё Свабода» застаецца апошнім буйным медыя, якое карыстаецца «тарашкевіцай». Цяперашняе спыненне фінансавання азначае моцны ўдар па гэтым правапісе. Іранічна, што трунаром альтэрнатыўнай нормы беларускай мовы стаў не Аляксандр Лукашэнка, а прэзідэнт краіны, якая лічылася лідарам вольнага свету.
Сёння, акрамя «Радыё Свабода», згадваюцца толькі два рэсурсы, якія выкарыстоўваюць альтэрнатыўны правапіс. Першы — Warta, медыя, якое заснавалі ідэйныя прыхільнікі Зянона Пазняка.
Другі — Беларуская Вікіпэдыя, моўны раздзел вольнай энцыклапедыі.
Рост колькасці актыўных рэдактараў у двух беларускамоўных раздзелах Вікіпедыі. Графік на аснове даных wikiscan.org
Да пачатку 2010-х гадоў раздзел «тарашкевіцай» быў асноўным моўным беларускамоўным раздзелам Вікіпедыі, пацвярджаючы першынство гэтага правапісу ў інтэрнэце. У 2012 годзе раздзел акадэмічным правапісам абышоў па колькасці артыкулаў раздзел альтэрнатыўным правапісам, і з таго часу разрыў няўхільна павялічваецца. Колькасць рэдактараў раздзела «тарашкевіцай» знізілася і застаецца на адным і тым жа ўзроўні шмат гадоў, у той час як колькасць рэдактараў у акадэмічным раздзеле працягвае расці.
Прычына, відаць, тая ж, што і ў медыя — немагчымасць прыцягнуць новых рэдактараў праз тое, што мала хто добра валодае «тарашкевіцай».
Без інстытуцый, школ, слоўнікаў, літаратуры, а цяпер, калі «Радыё Свабода» можа не стаць, і апошняга буйнога медыя, «тарашкевіцы» ў беларускамоўнай прасторы амаль не застанецца.
Чытайце таксама:
Рэдактар беларускай Вікіпедыі: Будучыня праекта — за штучным інтэлектам
Прызналі «экстрэмісцкімі» суполкі аматараў беларускамоўнай Вікіпедыі
У альтэрнатыўным беларускім пашпарце хочуць пакінуць класічны правапіс, а ад Шагала адмовіліся