БЕЛ Ł РУС

«Вельмі добрая і прадуктыўная». Трамп пракаментаваў сваю размову з Пуціным

18.03.2025 / 22:11

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у сацсетцы TruthSocial, што ягоная тэлефонная размова з Уладзімірам Пуціным, якая адбылася 18 сакавіка, была «вельмі добрай і прадуктыўнай».

Дональд Трамп. Фота: Pool via AP

«Мая сённяшняя тэлефонная размова з прэзідэнтам Расіі Пуціным была вельмі добрай і прадуктыўнай. Мы дамовіліся пра неадкладнае спыненне агню ва ўсіх энэргетычных і інфраструктурных аб'ектах, разумеючы, што мы будзем працаваць хутка, каб дамагчыся поўнага спынення агню і, у канчатковым выніку, канца гэтай жудаснай вайны паміж Расіяй і Украінай», — напісаў Трамп.

Пры гэтым ён які ўжо раз падкрэсліў, што «гэтая вайна ніколі б не пачалася», калі б ён «быў прэзідэнтам».

«Абмяркоўваліся многія элементы дамовы аб міры, уключаючы той факт, што гінуць тысячы жаўнераў, і як прэзідэнт Пуцін, так і прэзідэнт Зяленскі хацелі б, каб гэта скончылася. Гэты працэс цяпер у поўнай сіле і дзеянні, і мы, спадзяюся, дзеля чалавецтва выканаем гэтую працу», — напісаў Трамп. 

Раней з'яўлялася інфармацыя, што найбліжэйшы час прэзідэнт ЗША Дональд Трамп мае намер правесці размову з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і расказаць яму пра сваю размову з Пуціным, але пакуль што пра выкананне гэтага намеру не паведамлялася. 

Зяленскі цяпер знаходзіцца з візітам у Фінляндыі, дзе асноўнай тэмай яго перамоў, як і ў іншых краінах-саюзніцах, з'яўляецца дапамога Украіне ў супрацьдзеянні расійскай агрэсіі.

«Еўропа павінна быць за сталом перамоў, і ўсё, што тычыцца бяспекі Еўропы, павінна вырашацца разам з Еўропай», — заявіў ён падчас гэтага візіту.

У заявах, выдадзеных Крамлём і Белым домам пасля размовы Пуціна з Трампам, пра ўдзел у перамовах аб міры прадстаўнікоў Еўрасаюза, як і самой Украіны, не згадваецца.

Чытайце таксама:

ЗША і Расія зрабілі заявы пасля размовы Трампа і Пуціна

Пуцін і Трамп гаварылі праз тэлефон амаль 2,5 гадзіны

Генсак НАТА «цалкам верыць» у здольнасць Трампа дамовіцца пра мір ва Украіне

Сталі вядомы магчымыя ўмовы Расіі для спынення агню ва Украіне

Каментары да артыкула