Позняе бацькоўства можа пагражаць здароўю дзіцяці
Доўгі час лічылася, што ўзрост жанчыны з’яўляецца вырашальным фактарам для здароўя дзіцяці. Аднак шэраг даследаванняў паказаў, што гэта не зусім так: узрост бацькі таксама адыгрывае важную ролю.
Мноства навуковых даследаванняў асноўную ўвагу надавалі ўзросту маці як фактару, што ўплывае на здароўе дзіцяці. Аднак апошнія навуковыя дадзеныя сведчаць, што ўзрост бацькі таксама мае значны ўплыў. Як паведамляе Fitbook.de, згодна з трыма даследаваннямі, праведзенымі ў ЗША, позняе бацькоўства павялічвае рызыку ўзнікнення ў дзіцяці розных захворванняў.
Вялікая колькасць мутацый у пажылых бацькоў
Нядаўняе даследаванне, вынікі якога апублікаваныя у часопісе Nature, вымярала хуткасць мутацый у сперматазоідах, каб зразумець, як гэты паказчык змяняецца з узростам. Раней было ўстаноўлена, што каля 80% усіх мутацый de novo (новых мутацый, якія не перадаюцца ў спадчыну) узнікаюць менавіта ў мужчынскай палавой лініі. Пры гэтым іх колькасць павялічваецца з узростам бацькі.
Гэтыя мутацыі могуць павышаць рызыку развіцця ў дзяцей генетычных захворванняў, у тым ліку парушэнняў развіцця, такіх як аўтызм або сіндром Марфана.
Навукоўцы вывучылі сперму 23 былых яе донараў з розніцай у 15,9 года паміж першымі і другімі пробамі. Сярэдні ўзрост удзельнікаў склаў адпаведна 27,3 і 42,7 года.
Для аналізу мутацый выкарыстоўвалі высокатэхналагічную методыку. Пры гэты тэсціравалі як старыя, так і новыя пробы сперматазоідаў, а таксама аналізавалі кроў і сліну ўдзельнікаў.
Даследаванне пацвердзіла: чым старэйшы мужчына, тым больш мутацый у яго сперматазоідах. Хуткасць мутацый прыводзіць да падваення іх колькасці кожныя 21,6 года.
Аднак тэмпы мутацый розніліся паміж удзельнікамі. У прыватнасці, у аднаго ўдзельніка была выяўлена выключна высокая частата мутацый. Магчыма, на гэта магло паўплываць няпоўнае апусканне яечка, якое ён меў у маладосці. Аднак для пацвярджэння такой узаемасувязі неабходны больш маштабныя даследаванні.
Уплыў узросту бацькі на дзіця і маці
Іншае даследаванне, падчас якога былі прааналізаваны народжаныя ў ЗША з 2011 па 2022 год, выявіла значны ўплыў позняга бацькоўства на здароўе дзіцяці.
Напрыклад, у пары, дзе ўзрост бацькі складаў 50—59 гадоў, рызыка заўчасных родаў была на 16% вышэй, а рызыка нараджэння дзіцяці з нізкай вагой — на 14% вышэй, чым у пары, дзе ўзрост мужчыны быў 30-39 гадоў. У бацькоў 70 гадоў і старэйшых гэтыя паказчыкі павялічваліся да 21% і 24% адпаведна.
Пазней бацькоўства таксама звязана з павышанай рызыкай ўскладненняў у маці. У парах, дзе мужчына меў 50—59 гадоў, рызыка гестацыйнага дыябету у жанчыны была вышэйшай на 13%, а пры ўзросце бацькі ў 60—69 гадоў рызыка гіпертаніі ў маці падчас цяжарнасці ўзрастала на 11%. Гэтыя карэляцыі не назіраліся ў мужчын старэйшых за 70 гадоў.
Атрыманыя даныя адпавядаюць высновам даследавання, праведзенага ў 2018 годзе навукоўцамі Стэнфардскага ўніверсітэта. Яго аўтары з базы звестак аб 40,5 мільёна жыванароджаных у ЗША за 2007—2016 гады адабралі звесткі аб тых выпадках, дзе бацькамі былі мужчыны ад 45 гадоў і старэйшыя. Іх параўналі з групай, дзе ўзрост бацькоў складаў 25—34 гады.
Параўнанне паказала: калі бацьку было не менш за 45 гадоў, назіралася значна вышэйшая рызыка заўчасных родаў і нізкая вага немаўляці пры нараджэнні. Нават з улікам узросту маці рызыка заўчасных родаў павялічвалася на 14 %. Акрамя таго, была выяўлена 18% павышаная рызыка сутаргаў у немаўляці. Рызыка развіцця гестацыйнага дыябету ў маці павялічвалася на 28%. Дзеці больш старых бацькоў таксама часта мелі патрэбу ў падтрымцы дыхання.
Якасць спермы і рызыкі позняга бацькоўства
Навукоўцы лічаць, што адной з ключавых прычын таго, што позняе бацькоўства павышае рызыку ўскладненняў для маці і дзіцяці, можа быць пагаршэнне якасці спермы з узростам.
Аўтары даследавання адзначаюць, што ўзроставыя змены, такія, як эрэктальная дысфункцыя і гіпаганадызм, зніжаюць мужчынскую фертыльнасць. Акрамя таго, з гадамі меншае аб'ём спермы, зніжаецца рухомасць і горшае марфалогія сперматазоідаў.
Раней лічылася, што мужчынскія рэпрадуктыўныя клеткі не схільныя да старэння, аднак, зараз ясна, што ДНК сперматазоідаў у пажылых мужчын можа пашкоджвацца з-за ўзроставых генетычных змен.
Гэтую гіпотэзу пацвярджаюць вынікі даследавання, у якім узялі ўдзел 5081 мужчына ад 16 да 72 гадоў. Яно паказала, што пасля 35 гадоў якасць і колькасць сперматазоідаў пачынаюць меншаць, што, у сваю чаргу, можа знізіць магчымасць зачацця.
У цэлым, заўважаюць спецыялісты, рызыка позняга бацькоўства можа быць яшчэ большай, бо апошнія дзесяцігоддзі навукоўцы фіксуюць агульнае зніжэнне якасці спермы ва ўсім свеце.
Чытайце таксама:
Мужчыны з лепшай якасцю спермы жывуць даўжэй
Навукоўцы: змяншэнне выпрацоўкі сперматазоідаў пагражае чалавецтву выміраннем