БЕЛ Ł РУС

Актывістка Наста Базар папрасіла ў сяброў грошы на жыццё. Меркаванні радыкальна падзяліліся

20.03.2025 / 0:3

Nashaniva.com

Пад допісам сотні лайкаў, дзясяткі рэпостаў і промняў падтрымкі актывістцы ў складанай сітуацыі. Але набеглі і скептыкі, якія павучаюць: а ці этычна прасіць у людзей грошы на арэнду чатырохпакаёвай кватэры ў Варшаве?

Наста Базар. Фота з яе архіва

Наста Базар — вядомая фем– і квір-актывістка. У мінулым годзе беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі яе Праваабаронцай года — 2024.

Цяпер Наста, як і шмат хто з актывістаў, трапіла ў складаную фінансавую сітуацыю.

«Два з паловай месяцы я спрабавала ўсе магчымыя варыянты падпрацовак і пошуку працы, але гэта не выратавала сітуацыю і зараз нам вельмі патрэбна дапамога. Наперадзе ёсць планы, праца і перспектывы, але закрыць фінансавую дзірку магчымасці няма. Настолькі, што нам пагражае высяленне з арэнднай кватэры плюс не закрытыя базавыя патрэбы як дарослых, так і дзяцей. Таму — без чаканняў, але з надзеяй, сёння я прашу ў вас фінансавай дапамогі. Колькі магчыма, буду ўдзячная любой суме», — напісала яна ў сацсетках.

«Наша Ніва» распытала Насту пра тое, што прывяло да такой сітуацыю.

Актывістка адзначае, што, з аднаго боку, яе падкасілі знешнія фактары — тое, што ЗША нечакана прыпынілі фінансавую дапамогу розным краінам і ініцыятывам.

«У мяне ёсць ІП, я працую фрылансеркай. У асноўным я працавала з іншымі арганізацыямі — мяне запрашалі як экспертку або я прапаноўвала свае паслугі як экспертка», — тлумачыць яна. Цяпер такія арганізацыі ў крызісе — бо ў іх у саміх скончылася фінансаванне. 

З іншага боку, Наста прызнае, што праблемы ў яе пачаліся і праз асабісты фактар:

«Я вельмі шмат чаго раблю бясплатна. У сектар НДА шмат людзей ідуць па асабістых прычынах, большасць з якіх можна акрэсліць як «не магу не рабіць», «не магу не дапамагаць», «не магу прайсці міма таго, што нехта ва ўразлівым стане». Для мяне гэта пра несправядлівасць. Я разумею, што справядлівасці ў свеце няма як такой. Але я лічу, што калі ёсць нейкія рэсурсы, то варта імі дзяліцца».

Актывістка распавядае, што да яе як да публічнай і бачнай у медыйнай прасторы асобы людзі часта звяртаюцца ў сацыяльных сетках па дапамогу. І не працаваць з такімі запытамі яна не можа:

«Вялікая хваля такіх запытаў з'явілася год таму, калі я запусціла хэштэг #хопіцьгвалціць. Тады толькі за вясну ў мяне было каля 100 запытаў ад жанчын на тэму хатняга гвалту, сэксуалізаванага гвалту, харасменту. З таго пачалося і даследаванне на тэму харасменту ў беларускім грамадскім асяроддзі ў эміграцыі. Запыты працягваюцца, я не складаю нейкі спіс, але разумею, што за апошнія дні мінімум пяць розных запытаў да мяне прыляцела — і гэта вельмі розныя запыты. Людзям трэба ведаць, што яны не адныя».

Вось такую працу без аплаты, а таксама тое, што яна недастаткова ўвагі звяртала на манетызацыю сваёй дзейнасці, Наста называе прычынай уласнага фінансавага калапсу. Але кажа, што план выхаду з яго ёсць:

«У мяне ёсць планы на будучыню: супрацоўніцтва з польскай арганізацыяй, а таксама я планую прадаваць свае паслугі. У мяне ёсць адукацыя коўчынгу, ёсць шмат гатовых трэнінгаў і лекцый. Таксама я бачу, што ў міграцыі ёсць сапраўды жахлівая сітуацыя з адзінотай. Таму я планую свае трэнінгі прысвяціць камунікацыі, знаёмствам, каб людзі не адчувалі сябе адзінокімі, каб яны разумелі, чаго яны хочуць ад камунікацыі. Для чаго ім камунікацыя? Дзе гэта шукаць?»

Але пакуль Наста Базар звярнулася па фінансавую дапамогу да сваіх сяброў. Зрабіць гэта актывістцы было складана. Яна лічыць гэта тыповай рысай беларусаў — імкнуцца вырашыць усё самастойна:

«Першы раз прызналася, што маю патрэбу ў дапамозе, калі апынулася ў Кіеве. Гэта быў канец 2020 года, і стала зразумела, што мы не вернемся ў Беларусь хутка. Тады мне ахвяравалі нават больш, чым было неабходна. І мы на залішнія грошы купілі для беларускай сям'і ялінку, упрыгожылі яе і падарылі. Сям'і, якая толькі прыехала ва Украіну. Гэта было перад святамі, у іх не было ні магчымасці, ні часу ехаць па ялінку, а ў іх былі дзеці».

Наста разважае, што ідэальна было б мець працу, якая не залежыць ад фондаў, і мець магчымасць прысвячаць частку часу актывізму:

«Магчыма, цяпер надыходзіць пераломны момант, калі мы ўсвядомім, што трэба манетызаваць частку сваёй дзейнасці. Таму што не ўсё ў НДА-сектары можна ператварыць у платную паслугу. Я, напрыклад, магу прадаваць трэнінгі, лекцыі па камунікацыі, эмацыйным інтэлекце і іншых тэмах. Але, напрыклад, лекцыі пра тое, як пазбегнуць хатняга гвалту, — гэта не тое, што павінна прадавацца. Я веру, што мы зноў і зноў, як птушка Фенікс, адродзімся і будзем шукаць магчымасці для самастойнага фінансавання і падтрымкі адно аднаго».

Наста пацвярджае, што ёй сапраўды пагражае высяленне з кватэры — і гэта для яе асабліва сорамны момант, бо ёсць адчуванне «не справілася». Наста разам з грамадзянскай жонкай і двума дзецьмі арандуе кватэру ў Варшаве.

«Я маю планы на працу і на заробкі ўжо да канца сакавіка, але ўсё роўна ёсць дзірка, якую мы намагаліся закрыць самастойна. Спрабавалі ўзяць крэдыт, але не ўдалося. Мы маем пазыкі — і дзякуй вялікі тым людзям, якія нам дапамагалі — у нас кожны месяц распісаны, каму і колькі аддаваць. Не хочацца пагаршаць сітуацыю. Часам трэба прызнаць сваю слабасць. Не заўсёды ўсё залежыць ад нас. Я даволі крытычна і патрабавальна стаўлюся да сябе і разумею, што прыклала гэтыя месяцы дастаткова намаганняў».

У каментарах да допісу актывісткі звяртаюць увагу на тое, што яе арэнднае жыллё не таннае. Былі парада змяніць чатырохпакаёвую кватэру на таннейшы варыянт — зменшыць планку па метражы, рамонце і пашукаць у бюджэтным раёне.

Наста на гэта адказвае, што пераезд у іншую кватэру для яе сям'і на гэты момант немагчымы, бо ў любым выпадку трэба закрыць запазычанасць у старой плюс аплаціць заклад у новай кватэры, а таксама перавоз рэчаў. То-бок разава трэба значна больш грошай.

Раней сям'я ўжо неаднаразова пераязджала. Апошні раз — з Кракава ў Варшаву. Наста тлумачыць, што банальна стамілася рэгулярна ездзіць у сталіцу па працы і на важныя сустрэчы.

«Я не бачу зараз сэнсу здымаць двухпакаёвую кватэру на чатырох чалавек, проста таму, што гэта не прынясе нічога добрага ні мне, ні маёй сям’і, ні маёй дзейнасці», — тлумачыць яна.

Актывістка адзначае, што, канечне, можна было б пайсці працаваць ва ўмоўную «Бядронку» — польскі «Еўраопт». Але яна лічыць, што заробкаў там дакладна не хопіць на закрыццё базавых патрэб сям’і з дзецьмі:

«Я скажу тое, што шмат каму не спадабаецца. Дзве жанчыны не маюць такіх магчымасцяў зарабляць, як мужчына і жанчына. То-бок аднаполы шлюб усё роўна не мае такіх дасягненняў, як гетэрашлюб. Я не кажу, што камусьці лёгка: ведаю вялікую колькасць людзей, якім цяжка — і мужчынам, і жанчынам».

Грамадзянская жонка актывісткі працуе і таксама прыкладае шмат намаганняў, каб закрыць фінансавую дзірку.

А вось тата дачок Насты жыве ў Беларусі і, па яе словах, фінансава не дапамагае дзецям з 2020 года.

Жанчына распавядае, што развялася з былым мужам у 2018 годзе. Першапачаткова пара дамовілася пра сумеснае бацькоўства. Пісьмова гэта не фіксавалі, але было рашэнне, што дзеці па чарзе жывуць у аднаго з бацькоў: тыдзень з маці — тыдзень з татам. Але праз недзе паўгода бацька дзяўчынак прапанаваў, каб дзеці ўвесь час жылі з маці, а ён з імі перыядычна бачыўся.

Першы час былы муж даваў нейкую суму на дзяцей, але ў 2020 годзе перастаў гэта рабіць.

«Развод — гэта пакуль што для нашага грамадства заўсёды гора і крыўды, прынамсі з аднаго боку. Я шчыра хацела б застацца ў цёплых стасунках пасля разводу, але маіх намаганняў не хапіла. Ён камунікуе з дзецьмі і ён ёсць у іх жыцці. Гэтаму я ніколі не буду перашкаджаць. Але, на жаль, яго няма ў маім жыцці — ні як сябра, ні як партнёра па бацькоўству.

Год таму я перастала пра гэта з ім камунікаваць, бо чула ў свой бок толькі абвінавачванні — нават у тым, што я была надта актыўная і мне прыйшлося з’ехаць з Беларусі. Я ўжо не кажу пра гамафобію.

Я шчыра жадаю яму шчасця, але нашы дарогі разышліся. А тое, што фінансава ён не ўдзельнічае ў жыцці дзяцей, як і па-іншаму таксама (я прапаноўвала яму пераехаць у горад, у якім жывуць дзеці) — гэта яго выбар».

Афіцыйна на аліменты Наста не падае, бо разумее, наколькі цяжка будзе вырашыць такое пытанне, калі адзін з бацькоў у Беларусі, а другі ў Польшчы, і колькі грошаў спатрэбіцца на адваката.

Да тых, хто не дапамагае, а толькі крытыкуе, Наста ставіцца спакойна:

«Я лічу, што гэта выбар кожнага чалавека. Хтосьці можа сказаць: «Мне не трэба тое, што ты робіш». Але вялікая колькасць людзей ведае, што я раблю, бачыць гэта і гатовая падтрымаць — за што я ім вельмі ўдзячная. І я проста працягну рабіць тое, у што веру. Але, безумоўна, з акцэнтам на тое, як манетызаваць сваю экспертызу і як зарабляць на ёй. Пры гэтым працягваючы неяк дапамагаць».

Чытайце таксама:

«Хтосьці даведаўся, дзе мы трымаем грошы, і падмяніў іх». Экс-палітвязня з сям'ёй абрабавалі ў Грузіі

Рубіа: Мы афіцыйна адмяняем 83% праграм USAID

Бізнэсмен, у якога нядаўна згарэла цяпліца, расказаў, як прадаваў уратаваныя цюльпаны ў Мінску

Каментары да артыкула