БЕЛ Ł РУС

Жыхары прымежнай польскай вёскі выступілі супраць вышкі для назірання за Беларуссю

20.03.2025 / 12:27

Nashaniva.com

Амаль усе жыхары польскай вёскі Хамантоўцы (гэта за 150 метраў ад мяжы з Беларуссю) падпісалі ліст супраць будаўніцтва назіральнай вышкі побач са сваімі дамамі. Аб канфлікце піша Most са спасылкаю на тэлеканал TVP3 Białystok.

Вёска Хамантоўцы (Chomontowce). Фота: KQH / Wikimedia Commons

Пагранічнікі плануюць размясціць у Хамантоўцах 70-метровую вышку, каб пры дапамозе аптычных і электронных устройстваў назіраць за прылеглай тэрыторыяй Беларусі.

Мясцовыя жыхары такім рашэннем незадаволены. Яны хочуць, каб памежная служба выбрала для вышкі месца далей ад вясковых дамоў.

— Мы шукалі цішыні і спакою, але гэта [будаўніцтва вышкі] усё нам разбурае, — сказала жыхарка вёскі, побач з домам якой павінна з'явіцца вышка.

Падпалкоўнік Анджэй Юзвяк з Пагранслужбы паведаміў тэлеканалу, што ведамства старанна падышло да выбару месцаў для будаўніцтва вышак.

— Выбару гэтых месцаў папярэднічаў удумлівы аналіз, пры якім прымаліся да ўвагі асаблівасці рэльефу, прававы статус нерухомасці, патэнцыйнае поле назірання і ўзаемнае размяшчэнне вышак, каб максімальна пакрыць тэрыторыю візуальным назіраннем, — напісаў падпалкоўнік.

Паводле яго слоў, вышкі не будуць уплываць на навакольнае асяроддзе. На іх плануецца ўстанавіць толькі камеры назірання, а таксама чырвоныя агні светлавой агароджы для прадухілення сутыкнення з лятальнымі апаратамі.

Усяго ў раёне польска-беларускай мяжы збіраюцца ўсталяваць пяць такіх вышак.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула