БЕЛ Ł РУС

Беларускія сілавікі вывезлі затрыманага расійскага коміка ў лес і катавалі электрашокерам

20.03.2025 / 13:37

Nashaniva.com

Арыштаваны ў Беларусі за жарт пра бязногага мужчыну комік Арцемій Астанін заявіў, што беларускія сілавікі пасля затрымання збілі яго дубінкамі і катавалі токам, піша «Осторожно, новости» са спасылкаю на праваабаронцу Еву Меркачову. 

Як распавяла член расійскага Савета па правах чалавека Ева Меркачова (да яе звярнулася адвакат коміка), падчас канваіравання з Беларусі ў Расію машына з Астаніным заехала ў лес.

Стэндапера вывелі з аўтамабіля і сталі збіваць тры чалавекі — яны ўжывалі дубінкі і электрашокер.

Пасля перадачы ў Расію мужчыну не білі.

Ужо ў Маскве Астанін падаў заяву аб злачынстве і папрасіў правесці медагляд, для якога яго адвезлі ў бальніцу. Дактары дыягнаставалі ў коміка пералом пазванка, удары, а таксама выявілі праблемы з лёгкімі.

Цяпер стэндапер знаходзіцца ў маскоўскім СІЗА-7 — там ён «ледзь перасоўваецца». 

17 сакавіка ў Беларусі быў затрыманы комік Арцемій Астанін і перададзены ў Расію. У РФ супраць яго завялі крымінальную справу за жарты. Паводле расійскага СК, на канцэрце Астанін «выказваў негатыўныя і абразлівыя каментары на адрас удзельніка спецыяльнай ваеннай аперацыі». 

Крыміналку супраць коміка завялі, імаверна, праз жарт, у якім Астанін распавядае, як у пераходзе метро ён сутыкнуўся з мужчынам, які страціў ногі. Комік не згадвае вайну, але кажа, што мужчына без ног «на міне падарваўся».

Беларускія ж сілавікі пасля затрымання прычапілі на затрыманага стэндапера мясарубку.

Арцемій Астанін жартаваў пра адзін з расійскіх рэгіёнаў, дзе маці загінулых акупантаў атрымалі ў падарунак мясарубкі. Але насамрэч такая гісторыя сапраўды была. У Мурманскай вобласці «Адзіная Расія» падарыла маці загінулых удзельнікаў вайны мясарубкі — у партыі сцвярджаюць, што жанчыны самі пра гэта папрасілі.

Таксама ўчора стала вядома, што беларускія сілавікі зламалі рэбры і хрыбетнік Астаніну падчас затрымання. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула