БЕЛ Ł РУС

«Павінны заставацца без руху». Еўрасаюз не будзе канфіскоўваць замарожаныя расійскія актывы

20.03.2025 / 23:44

Nashaniva.com

Еўрасаюз спыніў дыскусію адносна магчымай канфіскацыі замарожаных расійскіх актываў. Пра гэта сведчыць тэкст высноў саміту Еўрасаюза ад 20 сакавіка, які трапіў у распараджэнне карэспандэнткі Deutsche Welle.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP

«У адпаведнасці з заканадаўствам ЕC, расійскія актывы павінны заставацца без руху да таго часу, пакуль Расія не спыніць сваю агрэсіўную вайну супраць Украіны і не кампенсуе ёй шкоду, нанесеную гэтай вайной», — сказана ў тэксце, прынятым лідарамі краін Еўраcаюза.

Супраць канфіскацыі больш за 200 мільярдаў еўра расійскіх актываў выступалі некалькі краін Еўрасаюза, аргументуючы сваю пазіцыю заканадаўствам ЕС, небяспекай падобнага прэцэдэнту для еўрапейскай канкурэнтаздольнасці на рынку фінансавых паслуг, неабходнасцю падтрымліваць Украіну на працэнты ад гэтых сродкаў, а таксама тым, што гэтая сума з'яўляецца «картай» на мірных перамовах і рычагом уплыву на Расію.

«Мы пачынаем думаць пра эндшпіль ва Украіне, пра мірныя перамовы, спыненне агню, мірнае пагадненне, якое можа быць падпісанае як праз 3 месяцы, так і праз 3 гады. І людзі пачынаюць разумець, што мець гэтыя актывы можа быць важней, чым канфіскаваць іх, не ведаючы пры гэтым, што з імі рабіць», — адзначыў напярэдадні саміту адзін еўрапейскі дыпламат.

Пры гэтым ЕС гатовы і надалей узмацняць ціск на Расію, у тым ліку шляхам увядзення дадатковых санкцый і ўзмацнення кантролю за выкананнем наяўных захадаў, каб аслабіць яе здольнасць весці вайну супраць Украіны, сказана ў дакуменце.

Чытайце таксама:

Ва Украіну прыйшоў першы мільярд даляраў з даходаў ад замарожаных расійскіх актываў

Макрон: Канфіскацыя замарожаных расійскіх актываў супярэчыць міжнароднаму праву

Расія можа аддаць свае замарожаныя ў Еўропе актывы Украіне ў межах мірнай дамовы

Каментары да артыкула