БЕЛ Ł РУС

«Класіка савецкай дыпламатыі» — Сікорскі прыгожа падшпіліў Захараву

21.03.2025 / 16:52

Nashaniva.com

Нагодай стала заява Масквы з нагоды выхаду Польшчы з Атаўскай канвенцыі.

Радаслаў Сікорскі. Фота: Ludovic Marin, Pool via AP

Як паведамлялася, 18 сакавіка міністры абароны Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы выпусцілі сумесную заяву пра выхад гэтых краін з Атаўскай канвенцыі. Яна прадугледжвае адмову ад выкарыстання супрацьпяхотных мінаў, спыненне іх вытворчасці і знішчэнне запасаў.

Польшча далучылася да гэтага пагаднення ў 2021 годзе.

У сумеснай заяве адзначалася важнасць умацавання патэнцыялу стрымлівання і абароны з увагі на «нестабільную сітуацыю ў сферы бяспекі, звязанай з агрэсіяй Расіі і сталай пагрозай, якую яна ўяўляе для еўраатлантычнай супольнасці».

20 сакавіка афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава на брыфінгу заявіла: «Зразумела, мы прымем крокі ў адказ у мэтах забеспячэння абароны і бяспекі краіны, у тым ліку вайскова-тэхнічнай бяспекі».

Захарава адзначыла, што намер краін Еўропы выйсці з міжнароднага пагаднення сведчыць пра іх гатоўнасць «у любую секунду» адмовіцца ад абавязацельстваў.

Гэтая заява не засталася па-за ўвагай міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага.

Klasyka sowieckiej dyplomacji. Rosja grozi nam odwetem za wyjście z konwencji o minach przeciwpiechotnych, do której sama nie należy.

— Radosław Sikorski (@sikorskiradek) March 20, 2025

«Класіка савецкай дыпламатыі. Расія пагражае нам помстай за выхад з Канвенцыі аб супрацьпяхотных мінах, удзельніцай якой яна сама не з'яўляецца», — заўважыў Сікорскі на сваёй старонцы ў Х у той жа дзень.

Нагадаем, што сярод 164 краін, якія падпісалі Атаўскую канвенцыю, няма такіх дзяржаў, як Расія, ЗША і Кітай.

У той жа дзень міністр замежных спраў Польшчы ў інтэрв'ю каналу Sky News заявіў:

«Пасля трох гадоў баявых дзеянняў Пуцін усё яшчэ ваюе на Данбасе і прайграў вайну на Чорным моры. Ён даказаў, што не здольны здзейсніць аператыўны або стратэгічны прарыў. (…)

Пуцін хоча ўсю Украіну. Ён адмаўляе Украіне ў праве на існаванне як незалежнай, дэмакратычнай, празаходняй дзяржавы. Гэта класічны каланіяльны наратыў, у якім ён уяўляе сябе як чалавека, які вырашае, хто можа быць нацыяй, а хто не».

Чытайце таксама:

У Мінабароны Польшчы не выключылі мініравання мяжы з Беларуссю 

Сікорскі пракаментваў верагоднасць стварэння аб'яднанага еўрапейскага войска

Ці дазволіць Польшча Трампу прадаць Украіну?

Каментары да артыкула