БЕЛ Ł РУС

Беларусы Варшавы масава пайшлі на канцэрт Валерыя Меладзэ

21.03.2025 / 17:18

Nashaniva.com

Спявак са сцэны звярнуўся да беларускай сям'і.

Многія беларусы ў Варшаве правялі ўчорашні вечар на канцэрце спевака Валерыя Меладзэ. У зале быў аншлаг, а песні Меладзэ фанаты хорам спявалі нават у чарзе ў гардэробную і ў аўтобусах па дарозе дадому.

Вядома, большую частку натоўпу складалі жанчыны, але і мужчыны таксама былі.

Сторыс з канцэрту публікавалі і беларускія селебрыціз. Каманда ютуб-канала «Овощевоз» нават падрыхтавала плакат: «Угадаю вашы песні за адну секунду». Артыст, дарэчы, звярнуў на яго ўвагу.

Ліза Закрэўская, стваральніца і прадзюсарка канала «Овощевоз», сапраўды рыхтавалася і за некалькі дзён да канцэрту трэніравалася пазнаваць песні спевака з першых нот.

Вядучая «Обычного утра» Марына Ментусава спявала на канцэрце разам з тэлевядучай «Белсата» Кацярынай Раецкай. «Усіх дэманаў выгуляла», — падпісала сторыс Марына, дзе танчыць пад песню «Иностранец».

Валерый Меладзэ са сцэны звярнуўся да беларускай сям’і:

— Сёння на канцэрт прыехалі мама з дзяўчынкай з Беларусі. Яны прайшлі цяжкі шлях. Няпросты. Я ведаю, што і ўсе вы прайшлі няпросты шлях, каб мы сёння тут сустрэліся. Мы вельмі-вельмі ўдзячныя вам за гэта, дарагія. Ад усёй душы.

Журналістка Most пыталася на ўваходзе ў беларусаў, чаму яны вырашылі прыйсці менавіта на гэтае шоу.

— Ну як жа, — адказала першая дзяўчына. — Гэта ж і дзяцінства, і юнацтва, і маладосць. І школа, і ўнівер… І ўсё разам. Такія ўспаміны. Па-іншаму нельга было ніяк.

Другая рэспандэнтка таксама не хавала захаплення артыстам:

— Я люблю Меладзэ, я яго фанатка з дзяцінства. Падпявала заўсёды яго песням. Спадзяюся, будзе цяпер проста агонь і Валера запаліць гэтую залу. Я была на канцэрце ў Юрмале, я ні на секундачку не пашкадавала. Можа, яшчэ і трэці раз прыйду.

View this post on Instagram

A post shared by MOST | ПОЛЬША | БЕЛАРУСЬ (@mostmedia.io)

Нагадаем: расійскі спявак і прадзюсар грузінскага паходжання Валерыі Меладзэ ў першы дзень вайны запісаў відэазварот. У ім артыст казаў, што моліць спыніць ваенныя дзеянні: «Людзі не павінны гінуць, гэта трэба спыніць». Праз гэта ён у Расіі трапіў у чорны спіс артыстаў.

Цяпер ён гастралюе па ўсім свеце. А ў тыктоку кожны раз жартуюць з таго, як ахоўнікі ў розных краінах здзіўлена глядзяць на актыўных фанатак спевака.

Калі нехта з наведвальнікаў канцэртаў кажа: «Слава Украіне», Валерый адказвае: «Героям Слава!».

Чытайце таксама:

Знайшоўся гурт, які плануе сабраць «Мінск-Арэну» чатыры разы запар. І ўжо амаль зрабіў гэта

Ягор Крыд сцвярджае, што яму не дазваляюць выступіць у Мінску

Праблемы з візамі на канцэрт Каржа ў Варшаве — беларусы атрымліваюць адмовы па незразумелых прычынах

Расійскі рэпер Аксімірон апынуўся ў цэнтры сэксуальнага скандалу

Каментары да артыкула