БЕЛ Ł РУС

Трамп заявіў пра стварэнне амерыканскага знішчальніка новага пакалення

22.03.2025 / 0:3

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў на прэс-канферэнцыі, праведзенай у Белым доме разам з кіраўніком Пентагона Пітам Хегсетам, што ў ЗША выпрабоўваецца новы амерыканскі знішчальнік шостага пакалення, які будзе называцца F-47. 

Дональд Трамп і Піт Хегсет падчас прэс-канферэнцыі. Фота: Pool via AP

Трамп расказаў, што такія знішчальнікі будзе вырабляць кампанія Boeing. Па яго словах, эксперыментальная версія F-47 «ужо лётае пяць гадоў», а канчатковая будзе пераўзыходзіць усе астатнія самалёты. 

«F-47 будзе самым дасканалым, самым магутным і смертаносным самалётам з калі-небудзь пабудаваных. Ён будзе абсталяваны самай сучаснай тэхналогіяй утоенасці. Ён амаль непрыкметны і валодае беспрэцэдэнтнай магутнасцю. Ён мае найбольшую магутнасць сярод усіх рэактыўных самалётаў такога тыпу, калі-небудзь створаных», — заявіў прэзідэнт ЗША.

Ён таксама падкрэсліў, што «ворагі Амерыкі ніколі не ўбачаць яго», і дадаў, што ЗША могуць прадаваць спрошчаную версію гэтага самалёта краінам Еўрасаюза.

«Ніколі не было нічога нават блізкага да яго, ад хуткасці да манеўранасці, да магчымай карыснай нагрузкі. І гэтая распрацоўка вялася на працягу доўгага перыяду часу. Пасля суровай і моцнай канкурэнцыі паміж некаторымі вядучымі амерыканскімі аэракасмічнымі кампаніямі ВПС маюць намер прысудзіць Boeing кантракт на платформу для дамінавання ў паветры наступнага пакалення», — адзначыў Трамп.

Кантракт з Boeing на суму больш за 20 мільярдаў даляраў ахоплівае этап інжынернай і вытворчай распрацоўкі. 

Міністр абароны ЗША Піт Хегсет, у сваю чаргу, заявіў, што Амерыка будзе мець «пакаленне будучага паветранага панавання дзякуючы гэтаму знішчальніку шостага пакалення».

Выданне The New York Times выказала меркаванне, што нумар 47 (які Трамп у сваёй прамове назваў «прыгожай лічбай») «відавочна абраны ў памяць пра яго прэзідэнцтва», бо Трамп у свой другі тэрмін стаў 47-м па ліку прэзідэнтам ЗША.

Чытайце таксама:

Трамп расказаў пра перамовы па «падзеле тэрыторый» Украіны

Трамп ліквідаваў міністэрства адукацыі ЗША

Трамп прызнаўся, што спрэчка з Зяленскім у Белым доме была часткай ціску на Украіну

Каментары да артыкула