БЕЛ Ł РУС

На Магілёўшчыне мужчына да смерці збіў бацьку-інваліда

25.03.2025 / 16:48

Nashaniva.com

Магілёўскі абласны суд вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да раней судзімага жыхара рэгіёну, абвінавачанага ў забойстве з асаблівай жорсткасцю. Ахвярай стаў ягоны бацька, інвалід другой групы, паведамляе прэс-служба суда.

Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаны ў стане алкагольнага ап'янення падчас сваркі жорстка збіў свайго 64-гадовага бацьку, які знаходзіўся ў бездапаможным стане з-за парушэнняў апорна-рухальнага апарата.

Следствам устаноўлена, што мужчына нанёс ахвяры не менш за 29 удараў рукамі, нагамі і тупым прадметам. Пасля гэтага ён накрыў бацьку коўдрай, пакінуў ляжаць на падлозе і лёг спаць.

Ад атрыманых траўмаў пацярпелы неўзабаве памёр на месцы — прычынай смерці стала вострая лёгачна-сардэчная недастатковасць, выкліканая множнымі траўмамі грудной клеткі і ўнутраных органаў.

У судзе абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну. Змякчальнымі абставінамі былі прызнаныя яўка з павіннай і раскаянне, абцяжарвальнымі — стан алкагольнага ап'янення і наяўнасць непагашанай судзімасці. Усяго раней ён быў судзімы пяць разоў.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым па пунктах 2 і 6 часткі 2 артыкула 139 КК (Забойства асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, з асаблівай жорсткасцю) і прысудзіў яго да 15 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі строгага рэжыму. Акрамя таго, у дачыненні да асуджанага пастаноўлена прымяніць прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму. 

Чытайце таксама:

Выйшаў на свабоду беларус, якога ў свой час прысудзілі да пажыццёвага зняволення. Гэта першы вядомы такі выпадак

Паляк, асуджаны за згвалтаванне і забойства беларускі, збіраецца абскарджваць пажыццёвы прысуд

Японцу, які палову стагоддзя чакаў смяротнага прысуду і быў апраўданы, прызначылі $1,5 мільёна кампенсацыі

Каментары да артыкула