БЕЛ Ł РУС

У Амстэрдаме мужчына нажом параніў людзей. Падазраваны — украінец з Данеччыны

29.03.2025 / 19:29

Nashaniva.com

Здарэнне адбылося 27 сакавіка паблізу цэнтральнай плошчы Амстэрдама. Ад дзеянняў мужчыны з нажом пацярпелі 5 чалавек. Нідэрландская паліцыя паведамляе, што нападнік — украінец з Данецкай вобласці, піша нідэрландскі грамадскі вяшчальнік NOS.

Скрыншот з відэа

27 сакавіка мужчына з нажом напаў на людзей каля амстэрдамскай плошчы Дам. Пасля нападніка паваліў на зямлю брытанскі турыст і трымаў яго да прыбыцця паліцыі.

Паліцыянтам было цяжка высветліць асобу падазраванага, паколькі падчас затрымання ў яго былі дакументы з некалькімі імёнамі. Цяпер, аднак, нідэрландскія праваахоўнікі мяркуюць, што нападнікам мог быць 30-гадовы ўкраінец.

Паліцыя дагэтуль не ўстанавіла матыву нападу. Да расследавання прыцягнутыя спецыялізаваны крымінальны аддзел і паліцэйскія з аддзела барацьбы з тэрарызмам. 

Сярод тых, хто пацярпеў у выніку нападу, — 67-гадовая жанчына і 69-гадовы мужчына з ЗША, мужчына 26 гадоў з Польшчы, 73-гадовая жанчына з Бельгіі і 19-гадовая мясцовая жыхарка. Напярэдадні было вядома, што чацвёра пацярпелых яшчэ знаходзіліся ў бальніцы, двое з іх — цяжка параненыя.

Затрыманага таксама шпіталізавалі з раненнем.

Чытайце таксама:

Мінчук параніў сябе і запэцкаў крывёю чужыя аўтамабілі

Замах на Салмана Рушдзі: падсудны прызнаны вінаватым

У Ізраілі зноў тэракт: мужчына з пісталетам і нажом напаў на мінакоў, адзін чалавек загінуў, яшчэ 10 параненыя

Каментары да артыкула