БЕЛ Ł РУС

«Да акцыі далучыліся толькі маргіналы». Што пісаў у чатах пасля свайго выкрыцця кадэбэшнік, адказны за беларускую эміграцыю

30.03.2025 / 14:28

Nashaniva.com

У кастрычніку 2024 года «Наша Ніва» пісала пра супрацоўніка КДБ «Сяргея», які летась вербаваў людзей здымаць Дзень Волі. Мы паглядзелі, дзе ён быў актыўны пасля нашай публікацыі.

Беларуская эміграцыя стала галоўным аб'ектам увагі лукашэнкаўскіх спецслужбаў. Ілюстрацыйнае фота Artur Widak / NurPhoto via Getty Images

«Сяргей» (тэлеграм-акаўнт з ID 5988969326), супрацоўнік КДБ, які адказвае за «працу» з замежжам, уступіў яшчэ ў дзясяткі чатаў беларускай эміграцыі. Цяпер ён заўважаны ў амаль 80 суполках.

Частка суполак, у якіх заўважаны «Сяргей»

Ён актывізаваўся 12 лістапада 2024 года. Тады Раман Пратасевіч выклаў фота Марыі Калеснікавай падчас сустрэчы з бацькам. Кадэбіст расшэрыў яе ў больш за 20 чатаў беларускага замежжа.

Адзін са скрыншотаў дзейнасці супрацоўніка КДБ у чаце беларускай эміграцыі

10 снежня 2024 года ён з нейкай мэтай — магчыма, для нейкай аперацыі КДБ, каб увесці актывістаў у зман, мяняў імя на @pobach97. Але 24 студзеня змяніў імя назад на «Сяргей Пятроў».

Гісторыя зменаў імёнаў акаўнта «Сяргея»

Наступны раз ён актывізаваўся пад выбары Лукашэнкі. 24-25 студзеня 2025 года ён спачатку адгаворваў актывістаў у эміграцыі ад удзелу ў акцыях супраць фальсіфікацыі выбараў у Беларусі ды самапраўства беларускіх уладаў. Некаторыя з эмігрантаў наўпрост скідвалі яму спасылку на мінулы артыкул «Нашай Нівы» пра яго ж.

Паведамленні кадэбіста «Сяргея» ў чатах беларускай эміграцыі 24-25 студзеня 2025 года

А на наступны дзень, 25 студзеня, «Сяргей» раскідваў па некалькіх дзясяткаў чатаў скрыншоты з допісу Ігара Тура пра тое, што КДБ ідэнтыфікаваў некалькі ўдзельнікаў акцыі супраць фальсіфікацыі выбараў ва Уроцлаве.

Публікацыі «Сяргея» 25-га студзеня 2025 года ў чатах беларускай эміграцыі

Акаўнт «Сяргея» дагэтуль актыўны і быў анлайн «нядаўна», але ў чатах з таго часу ён неактыўны.

Дарэчы, вядомы па ранейшых публікацыях «Alex» (цяпер — Dimmi BOSS з ID 6868032872) пасля нашай апошняй публікацыі, з 9 кастрычніка 2024 года, перастаў быць актыўны ў чатах. Але акаўнт не выдаляе і працягвае быць на ім анлайн.

Чытайце таксама:

«Сяргей» не адзін. Вось як КДБ прапануе зарабіць на сачэнні за беларускімі эмігрантамі

Пасля ўчорашняй публікацыі «НН» з «Сяргеем» і «Алексам» адбыліся метамарфозы

У Вільні шукаюць людзей, гатовых за грошы шпіёніць за літоўскімі спецслужбамі і здымаць акцыі беларусаў

Каментары да артыкула