БЕЛ Ł РУС

«Я не жартую. Шмат хто хоча, каб я гэта зрабіў». Трамп не выключыў, што пойдзе на трэці тэрмін

30.03.2025 / 21:53

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША заявіў, што не жартаваў, калі казаў, што можа пайсці на трэці тэрмін насуперак Канстытуцыі. Трамп кажа, што метады ёсць.

Дональд Трамп. Фота: Christopher Furlong / Getty Images

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп не выключыў магчымасці балатавацца на трэці тэрмін, хоць гэта забараняецца Канстытуцыяй.

Трамп адзначыў, што ёсць метады, каб пайсці на новы тэрмін, піша NBC.

«Я не жартую. Шмат хто хоча, каб я гэта зрабіў. Але я звычайна ім кажу: нам яшчэ доўгі шлях, ведаеце, гэта вельмі ранняя стадыя адміністрацыі. Я сканцэнтраваны на бягучых справах.Занадта рана, каб думаць пра гэта», — адзначыў амерыканскі прэзідэнт.

На пытанне, ці хоча ён яшчэ адзін тэрмін, Трамп адказаў: «Мне падабаецца працаваць». Ён дадаў, што ёсць метады, якія дазволяць яму пайсці на трэці тэрмін.

Журналісты спыталі пра сцэнар, паводле якога віцэ-прэзідэнт Джэй-Дзі Ванс балатуецца на прэзідэнта, а пасля перадае паўнамоцтвы Трампу. 

«Гэта адзін з варыянтаў. Але ёсць і іншыя», — сказаў прэзідэнт ЗША, але адмовіўся ўдакладняць.

Унясенне змен у Канстытуцыю для скасавання абмежавання ў два прэзідэнцкія тэрміны — надзвычай складаны працэс. Гэта патрабуе або двух трэцяў галасоў у абедзвюх палатах Кангрэса, або ініцыявання канстытуцыйнага канвенту двума трацінамі штатаў. У любым выпадку патрэбна ратыфікацыя трыма чвэрцямі штатаў.

Чытайце таксама:

СМІ раскрылі просты і рэалістычны план, як Трамп зможа заставацца прэзідэнтам ЗША да 2037 года

Трамп заявіў, што ён «вельмі раз’юшаны» паводзінамі Пуціна

Многія робяць тое, што і Трамп. Толькі ціхенька і без экстраваганцыі

Каментары да артыкула