БЕЛ Ł РУС

«Насенне ад Бацькі». Дзяўчынка, якой уручылі костачкі кавуна ад Лукашэнкі, аказалася не простай школьніцай, а дачкой мясцовага функцыянера

31.03.2025 / 13:27

Nashaniva.com

Шоу з перадачай насення кавуноў ад Лукашэнкі зладзілі ў Гомельскім аблвыканкаме. Афіцыйна паведамлялася, што 9-класніца Карына Мурашка з Гомельскага раёна напісала ліст Лукашэнку, у якім папрасіла насенне кавуна з лукашэнкаўскай бахчы — той на просьбу адгукнуўся. Распавядае «Флагшток»

Карына Мурашка з бацькамі ў аблвыканкаме. Твар непаўналетняй заблюраны Флагштокам. Фота: Гомельскі аблвыканкам

Старшыня аблвыканкама Іван Крупко асабіста перадаў дзяўчынцы «насенне ад Бацькі», а пачалося шоу яшчэ напярэдадні. Спачатку паказалі прэс-сакратарку Лукашэнку Наталлю Эйсмант, якая ўручае насенне Крупко. Потым — школьніцу Карыну, якая так адчула гэтую навіну, што «са слязамі на вачах» глядзела відэа перадачы насення.

Пастаноўка працягнулася ў аблвыканкаме, куды паклікалі дзяўчынку і яе бацькоў. Прыводзяцца словы бацькі школьніцы Дзмітрыя Мурашкі:

«Ліст прэзідэнту Карына напісала сама ў сярэдзіне лютага, вельмі хацела павіншаваць яго з перамогай на выбарах. Нас толькі папрасіла дапамагчы знайсці адрас. Адказ прыйшоў вельмі хутка, вы бачылі эмоцыі дачкі».

Пры гэтым у афіцыйных паведамленнях умоўчалі, кім з'яўляецца Дзмітрый Мурашка. Але яго пазнаў «Флагшток» — гэта бывалы кан'юнктуршчык, кіраўнік абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамбудматэрыялаў, першы сакратар абласнога камітэта КПБ, дэпутат Улукаўскага сельсавета. А акрамя таго — экс-сілавік, ён скончыў акадэмію МУС.

Дзмітрый Мурашка на зборах тэрытарыяльных войскаў. Фота: сацсеткі

Сям'я жыве ва Улукоўі, Карына вучыцца ў Галавінскай сярэдняй школе, з'яўляецца членам атрада юных міратворцаў і БРСМ.

Дзмітрый Мурашка. Фота: сацсеткі

У паведамленні аблвыканкама гаворыцца, што дзяўчынка і яе бацькі «ўдзельнічаюць у патрыятычных акцыях, дзяржаўных святах, а па вечарах глядзяць тэлевізар».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула