БЕЛ Ł РУС

У Індыі расследуюць знікненне свайго грамадзяніна ў Беларусі

1.04.2025 / 18:13

Nashaniva.com

Грамадзянін Індыі Дыпак Кумар знік у Беларусі на шляху ў Еўрасаюз. Цяпер у Індыі пачалі крымінальную справу ў дачыненні да «турыстычных агентаў», якія яго адправілі ў гэта падарожжа, піша Reform.news на падставе публікацыі ў індыйскай прэсе.

Дыпак Кумар. Фота: Indian Express

Пра знікненне свайго 26-гадовага сына заявіў Віджай Кумар з Лудхіяны (штат Пенджаб). У жніўні мінулага года ён падаў заяву ў паліцыю, але яго зарэгістравалі толькі 27 сакавіка, піша выданне Indian Express.

Па словах бацькі зніклага, Дыпак Кумар хацеў трапіць у Партугалію. Яго бацькі звязаліся з «турыстычнымі агентамі», якія паабяцалі зрабіць шэнгенскую візу ў Нідэрланды за 13,4 тысячы даляраў. 24 чэрвеня яго адправілі ў Расію праз Дубай.

Бацька сцвярджае, што ягонаму сыну абяцалі пералёт з Расіі проста ў Нідэрланды, але замест гэтага адправілі нелегальным маршрутам праз Беларусь. Па словах бацькі, Дыпак адмовіўся ад такога маршруту, але агент заявіў пра свае сувязі з расійскай арміяй і паабяцаў, што ён дабярэцца да Нідэрландаў за 5 гадзін.

Бацька сцвярджае, што людзі агента адабралі ў сына пашпарт і 1500 даляраў.

«27 чэрвеня мой сын па просьбе агента адправіўся ў Беларусь. Ён заставаўся там некалькі дзён і быў на сувязі па тэлефоне. Апошні раз я размаўляў з ім 23 ліпеня 2024 года, і з таго часу ягоны тэлефон выключаны. Мы не ведаем, дзе ён знаходзіцца», — расказаў бацька Дыпака.

Пасля знікнення сына бацька звярнуўся да агента. Той сказаў, што Дыпака затрымалі на мяжы і павінны дэпартаваць на радзіму. Ён нібыта павінен быў вярнуцца ў Дэлі 15 жніўня, але гэтага не адбылося.

Індыйская паліцыя распачала крымінальную справу ў дачыненні да «агентаў» па артыкулах аб махлярстве і змове.

Чытайце таксама:

Тысячы нелегальных мігрантаў з Беларусі апынаюцца ў Германіі

Памежную ахову Польшчы хочуць папоўніць прэвентыўнымі групамі

На мяжы з Беларуссю літоўскія памежнікі завярнулі рэкордную колькасць нелегальных мігрантаў

«Я павінен пазваніць нашаму куратару». Як завозілі мігрантаў у Беларусь — цікавыя дэталі з перахопленых тэлефонных размоў

Каментары да артыкула