БЕЛ Ł РУС

«Арабы могуць быць у шоку, але трэнд ёсць трэнд»: беларусам прапаноўваюць дубайскія булкі да Вялікадня

5.04.2025 / 15:27

Nashaniva.com

Здавалася б, вар'яцтва з дубайскім шакаладам у Беларусі скончылася. Але ж не: трэнд знайшоў свой працяг у велікодных пачастунках. Паглядзелі, што прапануюць беларускія кандытары і колькі просяць за модныя булкі, пасхі ды яйкі.

Дубайскія булкі. Скрыншот з сайта Kufar.by

У Расіі кулінары пачалі рэкламаваць дубайскія булкі яшчэ некалькі тыдняў таму. Не дзіўна, што мода на трэндавыя пачастункі дайшла і да Беларусі. Праўда, большасць кандытарскіх яшчэ не паказала свой велікодны асартымент.

Затое індывідуальныя кандытары ўжо актыўна выкладаюць свае працы на «Куфары». Булкі, «з тым самым начыннем, якое нікога не пакіне абыякавым» рэкламуе кандытарка з Мінску. За дубайскую булку вагай 450-500 грам яна просіць 45 рублёў.

У рэгіёнах пра трэнд таксама чулі: напрыклад, кандытарка з Гомеля вырабляе шакаладныя булкі з дубайскай начынкай па цане ад 30 да 60 рублёў.

Дубайскія яйкі. Скрыншот сторыс у інстаграме

Кандытарка з Магілёва прапаноўвае набыць шакаладныя яйкі з дубайскай начынкай. Адно такое яйка прадаецца за 18 рублёў, набор з трох яек — за 40.

У інстаграме таксама можна адшукаць аналагічныя прапановы. Так, сталічная кандытарка прымае замовы на дубайскія булкі і дубайскія тварожныя пасхі. Булка каштуе 50 рублёў, пасха — ад 65 да 80 рублёў.

View this post on Instagram

A post shared by Торты Чизкейки Минск (@galka_bake)

Але выглядае, што не ўсе пакупнікі радыя такой навінцы. Бо ў адным з рылс жанчына быццам бы апраўдваецца: «З кожным днём усё далей ад Бога! Так думаюць некаторыя людзі з нагоды дубайскай булкі, а некаторыя ў захапленні і жадаюць хутчэй яго пакаштаваць. Я думаю, што набліжэнне да Бога не мераецца булкамі. Вядома, арабы могуць быць у шоку, але трэнд ёсць трэнд. Попыт спараджае прапанову».

Чытайце таксама:

Беларускія велікодныя традыцыі ў пытаннях і адказах

Беларусы прадаюць у інтэрнэце шалупінне цыбулі да Вялікадня. Колькі просяць?

Прафесар расказаў, колькі яек можна з'есці на Вялікдзень і як доўга можна трымаць вараныя яйкі на стале

Як прыгожа, але экалагічна красіць яйкі да Вялікадня

Каментары да артыкула