БЕЛ Ł РУС

Маладыя бацькі ў 100 гадоў. У пары галапагоскіх чарапах упершыню нарадзіліся дзеці

7.04.2025 / 8:49

Nashaniva.com

Пара галапагоскіх чарапах, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення і жывуць у заапарку амерыканскага горада Філадэльфія, упершыню ў жыцці стала бацькамі. Паведамленні пра гэта асабліва радуюць навукоўцаў яшчэ і таму, што ўзрост абедзвюх чарапах — каля 100 гадоў, паведамляе Бі-бі-сі.

Мамачка — шчаслівая маладая маці, якой 97 гадоў. Фота: Філадэльфійскі заапарк 

Заапарк паведаміў, што 27 лютага з адкладзеных самкай з мянушкай Мамачка яек вылупілася першае дзіцяня, затым хутка з’явіліся астатнія. Іх вага складала ад 70 да 80 грамаў.

Супрацоўнікі заапарка сочаць за станам іншых яек, з якіх у найбліжэйшыя тыдні могуць з’явіцца новыя чарапахі.

Навукоўцы лічаць, што Мамачцы 97 гадоў. «[Яна] з’явілася ў заапарку ў 1932 годзе, а гэта азначае, што любы, хто наведваў заапарк за апошнія 92 гады, яе, верагодна, бачыў», — кажа кіраўніца заапарка Філадэльфіі Джо-Элі Магерман.

Прыяцель Мамачкі і бацька дзіцянят па імені Абрацца пераехаў у Філадэльфію адносна нядаўна, у 2020 годзе (да гэтага ён жыў у заапарку Паўднёвай Караліны). Навукоўцы мяркуюць, што сваёй партнёрцы ён прыходзіцца амаль што аднагодкам: яму споўнілася 96 гадоў. Цяпер нованароджаных чарапах трымаюць удалечыні ад наведвальнікаў, і яны «нармальна ядуць і растуць», піша заапарк.

Плануецца, што яны ўпершыню будуць прадэманстраваныя шырокай публіцы 23 красавіка, калі «споўніцца 93 гады з моманту прыбыцця Мамачкі ў заапарк» Філадэльфіі.

Паводле паведамлення Філадэльфійскага заапарка, нараджэнне дзіцянят галапагоскай чарапахі — першая падобная падзея ў яго 150-гадовай гісторыі, а Мамачка стала самым пажылым прадстаўніком свайго віду, які ўпершыню ў сваім жыцці стаў маці.

«Гэта важны этап у гісторыі заапарка Філадэльфіі, і мы вельмі рады паведаміць пра гэтую навіну жыхарам нашага горада, рэгіёна і ўсяго свету», — піша Могерман.

Галапагоскія чарапахі аднесены да відаў жывёл, што знаходзяцца на мяжы знікнення ў жывой прыродзе. У амерыканскіх заапарках утрымліваецца менш за 50 такіх чарапах.

Як піша на сваім сайце заапарк Сан-Дыега, галапагоскія чарапахі захоўваюць здольнасць да размнажэння на працягу ўсяго жыцця. Дакладная працягласць іх жыцця невядомая, аднак адзін з прадстаўнікоў гэтага віду здолеў дажыць да 171-гадовага ўзросту.

Чытайце таксама:

Незвычайныя прыгоды. Праз паўгода блуканняў вілейская чарапаха вярнулася дадому

Каментары да артыкула