БЕЛ Ł РУС

Як Беларусі выжыць у новым прагматычным свеце, ці ісці на кампраміс? Адказ Астапені

7.04.2025 / 15:26

Nashaniva.com

Заснавальнік Цэнтра новых ідэй Рыгор Астапеня разважае аб будучыні дэмакратычнай Беларусі ў новым свеце.

Рыгор Астапеня. Фота: ryhor.astapenia / Facebook

«У новым свеце няма месца для дэмакратычнай Беларусі — хіба што мы яго самі выдумаем», — пад такою назваю 31 сакавіка на сайце «Банку ідэй» з'явілася калонка Рыгора Астапені і Зміцера Крука.

У новым выпуску ютуб-праекта «Гадзіннічак цікае» заснавальнік Цэнтра новых ідэй патлумачыў некаторыя пазіцыі. Па яго словах, беларускія інтэлектуалы, распрацоўваючы мадэль будучай Беларусі, арыентаваліся на заходнюю мадэль з яе дэмакратычнымі традыцыямі і ліберальнай эканомікай. Аднак гэта мадэль паступова разбураецца:

«Цяпер зразумела, што Захад як мадэль, якая нам падабалася, знікае. Гэта звязана з тым, што ёсць расчараванне дэмакратыяй. Адна рэч — тое, што людзі хочуць галасаваць у прынцыпе за людзей, якія не вельмі дэмакратычныя. І ёсць пэўнае расчараванне, што мадэль дэмакратыі не працуе так, як яна працавала раней.

Пытанне ёсць і з ліберальнай эканомікай. Раней свет быў пабудаваны на тым, што ёсць свабодны гандаль, ёсць магчымасці, калі вы бедная краіна, то вы выходзіце на рынак, пачынаеце лібералізоўвацца і становіцеся крыху багацейшыя.

Зразумела, гэта працавала не заўжды ідэальна, але ў прынцыпе механізм быў просты. Ты выходзіш у міжнародную эканоміку, і паколькі ў цябе чалавечы капітал таннейшы, калі ў цябе ніжэйшыя падаткі, то хутчэй за ўсё, грошы нейкія да цябе пойдуць.

У сённяшнім свеце ніхто не хоча вывозіць свае грошы са сваёй краіны. Хочацца траціць іх у сябе, хочацца будаваць прадпрыемствы ў сябе, хочацца, як у выпадку ЗША, уводзіць нейкія мытныя тарыфы і гэтак далей».

Дык што рабіць Беларусі, як змяняцца?

Астапеня адказвае: трэба трымацца маральных, гуманістычных каштоўнасцей. Палітычнае выжыванне і легітымнасць «новай Беларусі» не могуць быць забяспечаныя праз кампрамісы або спробу падагнаць сябе пад правілы прагматычнага свету.

«Гэта пытанне выжывання. Я кажу, які самы найпросты варыянт для выжывання. Падстроіцца пад прагматызм ужо няма з чым. Няма з чым прыйсці, прагматычна сесці за стол: «Я цяпер буду прагматыкам. Можам з вамі дамаўляцца», — разважае эксперт.

На яго думку, у прагматычным свеце ўжо няма месца для «новай Беларусі». Але і ў старой з рэжымам Лукашэнкі «таксама абмежаваная прастора». Ключавое пытанне — у чым каштоўнасць як «новай» так і «старой» Беларусі для Захаду.

Аргумент аб тым, што «новая Беларусь» можа стаць гарантам бяспекі ў Еўропе, яшчэ працуе, але, на думку Астапені, ён недастатковы.

Чытайце таксама:

«У новым свеце няма месца для дэмакратычнай Беларусі — хіба што мы яго самі выдумаем». Астапеня і Крук разважаюць пра будучыню Беларусі

Астапеня назваў тры памылкі беларускай апазіцыі

«Экстрэмісцкімі» прызналі сайт і сацсеткі Цэнтра новых ідэй

Каментары да артыкула