БЕЛ Ł РУС

Прарасійская актывістка Эльвіра Мірсалімава патрабуе пакарання «недатыкальных асобаў»

7.04.2025 / 17:16

Nashaniva.com

Вядомая прарасійская актывістка з Віцебска Эльвіра Мірсалімава падтрымала віцебскага актывіста Дзмітрыя Карняенку, які звярнуўся ў міліцыю з заявамі пра тое, што супрацоўнікі МУС вельмі выбарачна прымяняюць ч. 2 арт. 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмізму», піша «Віцебская вясна».

Эльвіра Мірсалімава

Раней Дзмітрый Карняенка звярнуўся ў міліцыю з заявамі, што пад суд нібыта за «распаўсюд экстрэмізму» з наступнымі пакараннямі трапляюць шараговыя беларусы, у той час як у сацсетках «недатыкальных асобаў» таксама сустракаюцца спасылкі на так званыя «экстрэмісцкія інфармацыйныя рэсурсы». У ліку такіх асоб — жонка старшыні аблвыканкама, кіраўніца праўладнага пісьменніцкага саюза, дырэктарка абласнога краязнаўчага музея. 

Фота з фэйсбук-старонкі Дзмітрыя Карняенкі

Эльвіра Мірсалімава нечакана Карняенку падтрымала:

«Я абсалютна не хачу, каб гэтыя вядомыя і ўплывовыя віцебскія людзі селі або былі аштрафаваныя, як я, мае аднадумцы ці простыя «рабацягі». Але, калі мы гаворым пра «дзяржаву ўнікальнай сацыяльнай справядлівасці», то і стаўленне да ўсіх павінна быць роўнае, незалежна ад пасады і статусу», — піша прарасійская актывістка.

Праўда, нягледзячы на прынцыповую падтрымку патрабаванняў Дзмітрыя Карняенкі, самога яна называе «даносчыкам».

Фота з фэйсбук-старонкі Дзмітрыя Карняенкі

Раней паводле заяў Дзмітрыя Карняенкі за «распаўсюд экстрэмізму» былі асуджаныя і сама Эльвіра Мірсалімава, і яе аднадумца, былы дэпутат Вярхоўнага Савета СССР Мікалай Петрушэнка. Абодва абураліся, што іх судзяць за тое ж, што і «змагароў», тады як яны не з’яўляюцца прыхільнікамі апазіцыі, а таму чакаюць больш лаяльнага стаўлення.

Чытайце таксама:

Прарасійскага актывіста, паплечніка Мірсалімавай асудзілі на 10 сутак за «экстрэмізм»

Прарасійскую актывістку Мірсалімаву выклікалі ў РАУС на гутарку перад выбарамі

Прарасійская актывістка абурылася, што не можа апублікаваць фота з бел-чырвона-белым сцягам

Каментары да артыкула