БЕЛ Ł РУС

Як жыве Віталь Тысеў — актывіст, якому беларусы сабралі 45 тысяч еўра на тэрміновую аперацыю і ўратавалі ад паралічу

11.04.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Летам 2023-га неабыякавых беларусаў уразіла гісторыя актывіста Віталя Тысева са Стоўбцаў. «Наша Ніва» дазванілася да мужчыны, каб распытаць, як ён жыве цяпер.

Віталь Тысеў пасля аперацыі. Фота: «Радыё Свабода»

Шмат гадоў таму Віталь перажыў траўму хрыбетніка, якая не перашкаджала яму жыць і працаваць. Але ў 2020-м беларус трапіў пад арышт, і гэта справакавала абвастрэнне хваробы. У Віталя развіўся анкілазіруючы спандыліт, зрасліся ўсе суставы пазваночніка і іншыя суставы. 

Спатрэбілася тэрміновая аперацыя, каб мужчыну не паралізавала. За справу ўзяліся медыкі з нямецкай клінікі «Шарытэ». Грошы на аперацыю — больш за 45 тысяч еўра — дапамаглі сабраць неабыякавыя беларусы.

Віталь расказвае, што ў апошні час ходзіць з дапамогай мыліцы, хаця пасля аперацыі і мог хадзіць цалкам самастойна. Усё праз тое, што аперацыя не дазволіла цалкам вырашыць яго праблему:

«У мяне цалкам выдалілі адзін пазванок у шыі і замест яго паставілі пратэз, але ён кароткі, і трэба яго падаўжаць. Трошкі недарабілі аперацыю, бо тады быў такі стан, што баяліся рабіць больш.

Віталь да аперацыі

Атрымліваецца, што горб яны не выраўнялі. Постаць змянілася, праз гэта атрымліваецца вялікая нагрузка на тазасцёгнавыя суставы. І праз гэта ў мяне абвастрыліся праблемы з нагамі, яны баляць».

Цяпер Віталю патрэбная новая аперацыя — трэба падоўжыць пратэз. Але яго цяперашні стан не пагражае жыццю, і таму аперацыю можна адкласці. Віталь раздумвае над тым, каб увогуле ад яе адмовіцца, бо аперацыя каштуе нямала.

Тысеў жыве ў Шчэціне, на мяжы Польшчы і Германіі. На жыццё ён зарабляе электронікай — рамантуе ноўтбукі і тэлефоны.

Польшча дала беларусу статус інваліда і штомесяц плаціць дапамогу, але Віталь хацеў бы атрымліваць пенсію па інваліднасці. Для гэтага патрэбны страхавы стаж, а беларускія ўлады не перадаюць палякам патрэбную інфармацыю пра Віталя:

«Дапамога — гэта часовыя выплаты. А мне належыць пажыццёвая пенсія, у мяне адпрацавана дастаткова часу на тэрыторыі Беларусі. У мяне каля 30 гадоў стажу, і мне павінны плаціць пенсію, бо ёсць пагадненне паміж Польшчай і Беларуссю пра ўзаемныя выплаты.

Віталь Тысеў у бальніцы пасля аперацыі. Фота: кадр з відэа «Радыё Свабода»

Але паколькі я палітычны, беларускі бок проста тармозіць, не пацвярджае мае даныя пра стаж. А палякі не могуць мне даць пенсію, бо ў мяне мала працоўнага стажу ў Польшчы, мне трэба мінімум 5 гадоў».

Гэтая эпапея, кажа Віталь, цягнецца ўжо трэці год. Польскія сацыяльныя службы пішуць яму лісты і паведамляюць, што яны звязваюцца з беларускімі калегамі, а тыя адмаўляюцца пацвердзіць даныя. Пры гэтым у Віталя ёсць працоўная кніжка, перакладзеная на польскую мову, але для Польшчы беларуская працоўная кніжка — не дакумент.

Мужчына тлумачыць, што калі б яго перавялі на пенсію, то ён атрымліваў бы прыкладна тыя ж грошы, якія яму плаціць Польшча ў якасці дапамогі — 1500 злотых (прыкладна 350 еўра). Але пры гэтым яму не трэба было б кожныя тры месяцы праходзіць абследаванне і даказваць, што дапамога яму ўсё яшчэ належыць. Таксама пенсію можна атрымліваць і ў іншых краінах, а дапамогу выплачваюць, толькі калі пастаянна знаходзішся ў Польшчы.

Віталь кажа, што яго жыццё складаецца цяпер і з прыемных момантаў, і час у замежжы яго не змяніў:

«Навучыўся гуляць у більярд, нармальна атрымліваецца. Адзінае, што постаць не дазваляе так выгнуцца, каб можна было нармальна кіем ударыць, таму даводзіцца выкарыстоўваць падстаўку.

А Лукашэнку ненавіджу, гэтаксама як і Пуціна, нічога не змянілася. Бабахне чарговая рэвалюцыя — буду на мяжы з аўтаматам».

Чытайце таксама:

Беларусы сабралі патрэбную суму на аперацыю Віталю Тысеву — больш за 45 000 еўра

У Берліне зрабілі аперацыю Віталю Тысеву, якому беларусы збіралі грошы

«Хачу нармальнага баршчу». Віталя Тысева, якому беларусы збіралі грошы на аперацыю, выпісалі з бальніцы

Каментары да артыкула