БЕЛ Ł РУС

Ціханоўская патлумачыла, чаму не каментуе знікненне Анжалікі Мельнікавай

8.04.2025 / 18:18

Nashaniva.com

Дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская запісала кароткае відэа, у якім патлумачыла, чаму яе голасу пасля знікнення Анжалікі Мельнікавай амаль не чуваць. 

Святлана Ціханоўская з Паўлам Латушкам і Анжалікай Мельнікавай на акцыі ў Варшаве 26 студзеня 2025 года

«Рэч у тым, што на гэты момант пакуль няма дакладнай інфармацыі, каб рабіць высновы пра яе месцазнаходжанне ці што з ёй здарылася. Вядома, мы ўсе перажываем і непакоімся, але ў такіх абставінах я не хацела б спекуляваць на гэту тэму. Цяпер расследаваннем займаюцца польская паліцыя і пракуратура. Я ўдзячная ўсім, хто робіць намаганні па пошуку Анжалікі», — заявіла Святлана Ціханоўская. 

Акрамя таго, яна выказала словы падтрымкі ўсім сябрам Каардынацыйнай рады і заклікала не забывацца пра меры бяспекі, працягваючы берагчы і падтрымліваць адзін аднаго.

Пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай яе калегі паведамілі ўвечары 28 сакавіка. У заяве Паўла Латушкі гаварылася, што сувязь адсутнічае з 25 сакавіка, аднак гаворка ідзе пра анлайн-камунікацыю. Насамрэч Мельнікаву ўжывую не бачылі ўжо даўным-даўно. Пазней стала вядома, што Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Еўрасаюза 26 лютага, а яе былы муж з'ехаў з Польшчы ў Беларусь 3 сакавіка.

7 красавіка журналістам «Люстэрка» ўдалося паразмаўляць з былым мужам Анжалікі Мельнікавай, які пацвердзіў, што знаходзіцца ў Беларусі, а дзеці — пры ім. Бацькі Мельнікавай у размове з журналістам «Еўрарадыё» таксама пацвердзілі, што дзеці знаходзяцца ў Беларусі, а пра месцазнаходжанне самой Анжалікі яны самі нічога не ведаюць і трывожацца.

Чытайце таксама:

Сусед Мельнікавай: Некалькі тыдняў таму нейкі мужчына выносіў з кватэры сабраныя рэчы

Брытанская паліцыя не праводзіць расследавання ў сувязі са знікненнем Анжалікі Мельнікавай

Калегі Анжалікі Мельнікавай расказалі пра апошнія размовы з ёй

У сувязі са знікненнем Мельнікавай польская паліцыя правярае пагрозы на адрас Латушкі

Маці Анжалікі Мельнікавай: «Унукам кажу, што яна ў камандзіроўцы»

«Дзеці са мной». Журналісты дазваніліся да былога мужа Анжалікі Мельнікавай і спыталі, дзе можа быць спікерка КР

Каментары да артыкула