Амаль два тыдні няма ніякіх звестак пра спікерку Каардынацыйнай рады Анжаліку Мельнікаву. «Радыё Свабода» знайшло калег Анжалікі, якія размаўлялі з ёй ужо пасля таго, як яе тэлефон быў нібыта зафіксаваны ў Беларусі.

«Радыё Свабода» пагаварыла з калегамі Анжалікі Мельнікавай, якія размаўлялі з ёй незадоўга да афіцыйнай заявы пра яе знікненне.
Паводле крыніц «Свабоды», Анжаліка збірала даныя для складання кантрактаў па супрацоўніцтве з Каардынацыйнай радай — гэта пашпартныя звесткі, адрас, нумар банкаўскага рахунку. Размовы адбываліся тады, калі, паводле інфармацыі Паўла Латушкі, тэлефон Анжалікі нібыта ўжо фіксавалі ў Беларусі.
Народнае антыкрызіснае ўпраўленне Паўла Латушкі самастойна вызначыла, што мабільная прылада Мельнікавай была лакалізаваная на тэрыторыі Беларусі 19 і 25 сакавіка. Пры гэтым адзін з яе гаджэтаў яшчэ 18 сакавіка знаходзіўся ў Варшаве.
«Мы размаўлялі па працы. Размова была самая звычайная, яна была спакойная, жартавала. Абсалютна нічога не паказвала, што нешта здарылася», — расказаў «Свабодзе» адзін з сяброў Каардынацыйнай рады.
Паводле слоў выканаўцы абавязкаў спікеркі Каардынацыйнай рады Станіславы Гліннік, сябры арганізацыі звярнуліся ў польскае МУС з прапановай дапамогі ў расследаванні, калі паліцыі будзе патрэбна ад іх інфармацыя:
«На сённяшні дзень мы сабралі досыць поўную карціну, хто і калі кантактаваў з Анжалікай унутры Каардынацыйнай рады, але гэта не дапамагае зразумець, што адбылося».
Павел Латушка кажа, што накіраваў лісты ў шэраг праваахоўных установаў Польшчы з просьбай падаць адпаведную інфармацыю:
«На жаль, мы павінны канстатаваць, што праваахоўныя органы Польшчы даволі скупыя на інфармацыю пра тое, якія звесткі ім удалося атрымаць у межах расследавання, якое звязана са знікненнем Анжалікі Мельнікавай».
На запыт «Радыё Свабода» прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Яцэк Дабжыньскі паведаміў, што яны не даюць ніякай інфармацыі пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады.
Паводле Паўла Латушкі, які спасылаецца на польскую паліцыю, Анжаліка Мельнікава вылецела ў Лондан разам з дзецьмі:
«Анжаліка Мельнікава, калі планавала адпачынак, паінфармавала каманду, што збіраецца выехаць у Вялікабрытанію. Пазней, падчас маёй сустрэчы ў камендатуры сталічнай паліцыі ў Варшаве, мне пацвердзілі, што яна разам з непаўналетнімі дочкамі выехала ў Лондан».
У сацыяльных сетках Анжалікі Мельнікавай фота з Лондана датуюцца снежнем 2024 года.
Беларуская супольнасць ананімных хакераў «Кіберпартызаны» дагэтуль не мае доступу да фонду, якім кіравала Анжаліка Мельнікава і праз які ішлі грошы для іх у тым ліку, але працягвае займацца гэтай справай.
Афіцыйная прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юльяна Шаметавец адмовілася каментаваць «Радыё Свабода» сітуацыю, дадаўшы, што яны вядуць уласнае расследаванне, каб зразумець, што здарылася з Анжалікай Мельнікавай.
Пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай яе калегі паведамілі ўвечары 28 сакавіка. У заяве Паўла Латушкі гаварылася, што сувязь адсутнічае з 25 сакавіка, аднак гаворка ідзе пра анлайн-камунікацыю. Насамрэч Мельнікаву ўжывую не бачылі ўжо даўным-даўно. Пазней стала вядома, што Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Еўрасаюза 26 лютага, а яе былы муж з'ехаў з Польшчы ў Беларусь 3 сакавіка.
Сёння журналістам «Люстэрка» ўдалося паразмаўляць з былым мужам Анжалікі Мельнікавай, які пацвердзіў, што знаходзіцца ў Беларусі, а дзеці — пры ім. Бацькі Мельнікавай у размове з журналістам «Еўрарадыё» таксама пацвердзілі, што дзеці знаходзяцца ў Беларусі, а пра месцазнаходжанне самой Анжалікі яны самі нічога не ведаюць і трывожацца.
Маці Анжалікі Мельнікавай: «Унукам кажу, што яна ў камандзіроўцы»
«Дзеці са мной». Журналісты дазваніліся да былога мужа Анжалікі Мельнікавай і спыталі, дзе можа быць спікерка КР
У сувязі са знікненнем Мельнікавай польская паліцыя правярае пагрозы на адрас Латушкі
Латушка: Анжалікі Мельнікавай няма ні ў Польшчы, ні хутчэй за ўсё ў Беларусі
У Каардынацыйнай радзе стварылі працоўную групу па пытанні знікнення спікеркі Мельнікавай
Да якой адчувальнай інфармацыі мела доступ зніклая Анжаліка Мельнікава?
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары