Меркаваны кіраўнік ДГБ Літвы: Рост колькасці беларусаў выклікае непакой, рэжым можа выкарыстаць іх супраць нас
Намеснік кіраўніка літоўскай спецслужбы Рэмiгiюс Брыдзiкіс заклікаў з падазрэннем ставіцца да беларусаў у Літве. І заявіў, што іх становіцца больш, хоць усё роўна наадварот.
і
Рэмігіюс Брыдзікіс. Скріншот відэа Delfi
Кандыдат на пасаду кіраўніка Дэпартамента дзяржбяспекі Літвы Рэмігіюс Брыдзікіс заявіў, што рэжым Лукашэнкі можа прымусіць беларусаў, якія жывуць у Літве, працаваць супраць краіны.
На пасяджэнні камітэта Сейма па нацбяспецы і абароне Брыдзікіс, які зараз займае пасаду намесніка кіраўніка ДДБ, выказаў меркаванне, што беларускія і расійскія ўлады здольныя ўплываць на сваіх грамадзян за мяжой, піша LRT.
«Рэжымы асобных краін, сама дзяржаўная ўлада [ўплываюць] на мігрантаў, якія да нас прыбываюць. Тут, напэўна, варта вылучыць менавіта Беларусь», — адзначыў Брыдзікіс.
Паводле яго меркавання, Беларусь і Расія зробяць усё, каб захаваць свабоду дзеянняў сваіх разведвальных службаў у Літве і іншых краінах Еўрасаюза.
«Людзі, якія прыязджаюць да нас, знаходзяцца пад уплывам з боку рэжыму. Дзяржава, у дадзеным выпадку — рэжым, можа ўздзейнічаць на іх свабоды, поспехі, лёсы. Разумеючы свае магчымасці і сілу, яны могуць прымусіць гэтых людзей дзейнічаць супраць краін і грамадстваў, дзе яны шукаюць лепшага жыцця. Мы разумеем, што Беларусь, а таксама і Расія, зробяць усё, каб захаваць свабоду дзеянняў у Літве і заходнім асяроддзі», — сказаў Брыдзікіс.
Патэнцыйны кіраўнік ДДБ адзначыў, што лічыць сваім абавязкам інфармаваць тых, хто прымае рашэнні, а таксама грамадскасць, чаму рост колькасці беларускіх грамадзян, якія прыбываюць у Літву, выклікае занепакоенасць. Паводле яго слоў, праблема міграцыі нікуды не знікла і ў бліжэйшы час не знікне.
Вось толькі статыстыка абвяргае словы літоўскага спецслужбіста. «Наша Ніва» распавядала, што беларусы насамрэч з'яжджаюць з Літвы. Толькі за тры месяцы 2025 года іх стала на 3772 чалавекі менш. А за год беларуская дыяспара ў Літве скарацілася на 9105 чалавек — амаль на 15%.
Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі з'яўляецца адной з структур, якія падтрымліваюць увядзенне больш жорсткіх санкцый у дачыненні да грамадзян Расіі і Беларусі.
У мінулым годзе дэпартамент прапаноўваў дазволіць беларускім грамадзянам, якія маюць від на жыхарства ў Літве, вяртацца на радзіму толькі адзін раз у год, інакш яны маглі б страціць права на пражыванне ў краіне. Зараз Сейм разглядае законапраект, які дазволіць пазбаўляць беларусаў ВНЖ, калі яны ездзяць на радзіму часцей, чым раз у тры месяцы.
У мінулым годзе 598 беларусаў былі прызнаныя тымі, хто ўяўляе пагрозу для дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку або здароўя насельніцтва.