У свеце значна зменшылася папуляцыя скумбрыі
Сумная сітуацыя склалася з-за празмернага вылаву рыбы. Паводле даных Таварыства захавання марскога асяроддзя (MCS), з 2009 года рыбаловамі з розных краін парушаюцца рэкамендацыі па здабычы скумбрыі, паведамляе выданне The Guardian.
Фота ілюстрацыйнае
Колькасць дапушчальнага вылаву ў розных краінах перавышаецца на паказчыкі ад 5 да 80%. За апошнія чатыры гады ў сярэднім празмерная здабыча дасягнула 39% звыш нормы.
Асцярогі цяпер выклікае нават вылаў паўночна-атлантычнай скумбрыі, якая лічылася самай «экалагічнай» — паказчыкі па яе здабычы перавышаныя на 23%. Усё гэта прывяло да зніжэння папуляцыі, а здабычу скумбрыі некаторыя зоаабаронцы называюць не інакш як «чысткай».
Таварыства захавання марскога асяроддзя кожны год выпускае «Кіраўніцтва па выбары добрай рыбы» (Good Fish Guide). Гэтым разам ягоныя аўтары выказалі сур'ёзныя асцярогі з-за скарачэння колькасці скумбрыі.
«Мы глыбока занепакоеныя тым, што некалі стабільная крыніца морапрадуктаў перажывае такі заняпад. Скумбрыя знаходзіцца ў небяспецы з-за прамысловых прадпрыемстваў многіх краін, і хутка яна будзе не ў стане забяспечваць саму сябе. Мы назіраем няўхільнае скарачэнне колькасці, і яна набліжаецца да крытычнага пункту».
«Кіраўніцтва па выбары добрай рыбы» выкарыстоўвае пяцібальную сістэму, па якой складае рэкамендацыі па лоўлі і ўжыванні рыбы. Калі прадукту ставяць балы ад 1 да 3, то гэта прымальны выбар, а 4-5 заклікаюць да асцярожнасці.
Цяпер паўночнаатлантычная скумбрыя з катэгорыі 3 трапіла ў катэгорыю 4, а з Паўночна-Усходняй Атлантыкі — у катэгорыю 3 з катэгорыі 2.
Таварыства захавання марскога асяроддзя аматарам рыбы рэкамендуе перайсці са скумбрыі на селядца і сардзіны — гэтым відам нібыта пакуль яшчэ нічога не пагражае.
Чытайце таксама:
Скумбрыя з іголкамі, сала з цвікамі: у Мінску нехта раскідвае небяспечныя прынады для сабак
У Нарвегіі на ласосевых фермах адзначаецца высокая гібель рыбы
Якая сувязь паміж БелАЭС і атлантычным ласосем? Аказваецца, самая непасрэдная