Расія патрабуе за мір перадаць ёй чатыры ўкраінскія рэгіёны
Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткафам пасля сустрэчы ў Вашынгтоне 3 красавіка са спецпрадстаўніком прэзідэнта Расіі Кірылам Дзмітрыевым перадаў Дональду Трампу пазіцыю Крамля па мірных перамовах: Расія павінна атрымаць кантроль над чатырма ўкраінскімі рэгіёнамі. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на некалькі амерыканскіх урадавых крыніц.
Стыў Уіткаф (справа) і Кірыл Дзмітрыеў перад сустрэчай з Пуціным у Санкт-Пецярбургу 11 красавіка 2025 года. Фота: Vyacheslav Prokofyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Стыў Уіткаф паведаміў Трампу, што выкананне гэтай умовы дапаможа больш хуткаму заключэнню мірнага пагаднення. Раней ён публічна выказваў такую пазіцыю ў інтэрв'ю амерыканскаму журналісту Такеру Карлсану.
Генерал Кіт Келаг, спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Украіне, паводле слоў суразмоўцы Reuters, Уіткафа ў гэтым пытанні не падтрымаў. Ён паведаміў Трампу, што хоць Украіна і гатовая пагадзіцца на некаторыя ўмовы, звязаныя з гэтымі тэрыторыямі, яна ніколі не пагодзіцца ў аднабаковым парадку цалкам саступіць іх Расіі.
Па інфармацыі Reuters, рашэння па гэтым пытанні Дональд Трамп пакуль што не прыняў.
Выданне таксама адзначае, што падчас прыезду Дзмітрыева ў Вашынгтон Стыў Уіткаф запрасіў яго на вячэру ва ўласную рэзідэнцыю разам з паслом Расіі ў ЗША. Гэта адразу ўстрывожыла Белы дом і Дзярждэпартамент, бо звычайна афіцыйныя асобы ЗША пазбягаюць прымаць дома службовых асоб з Расіі, якія могуць мець тэхналагічныя выведвальныя магчымасці. У выніку вячэра была перанесеная і замест гэтага адбылася ў Белым доме.
Стыў Уіткаф за апошнія два месяцы тройчы прылятаў у Расію. 11 красавіка ён сустрэўся з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбургу. Іх размова працягвалася больш за чатыры гадзіны. Аднак інфармацыі пра тое, што абмяркоўвалася на гэтай сустрэчы, у адкрытым доступе пакуль няма. Вядома толькі, што гаворка ішла пра «аспекты ўкраінскага ўрэгулявання».
Чытайце таксама:
Спецпасланнік Трампа сустрэўся ў Пецярбургу з прадстаўніком Пуціна
«ЗША чуюць пазіцыю Расіі». Пасланнік Пуціна распавёў пра вынікі сустрэч у Вашынгтоне
Спецпасланнік Трампа расказаў, калі можа прайсці сустрэча Трампа і Пуціна