Эрдаган: Без Турцыі Еўропа не зможа гарантаваць сваю бяспеку
Ва ўмовах нестабільнасці ў свеце і росту напружанасці ў некаторых яго рэгіёнах Еўропа можа абаперціся на Турцыю, без якой немагчыма гарантаваць бяспеку кантынента. Пра гэта заявіў турэцкі прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган, выступаючы на штогадовым дыпламатычным форуме ў Антальі, піша Euronews.
Рэджэп Таіп Эрдаган. Фота: Mert Gokhan Koc / dia images via Getty Images
Эрдаган заявіў, што ягоная краіна можа дапамагчы пераадолець геапалітычныя рознагалоссі, звязаныя з Украінай, Сірыяй і гандлёвай вайной, якая ўзнікла з-за уведзеных Злучанымі Штатамі мытаў.
«У чарговы раз стала ясна, што еўрапейская бяспека немагчымая без Турцыі. Турцыя гатовая ўзяць на сябе адказнасць за еўрапейскую бяспеку і ў будучыні», — сказаў ён на адкрыцці трохдзённага форуму.
Па меры пагаршэння трансатлантычных адносін пры адміністрацыі Дональда Трампа Турцыя, якая мае другія па колькасці ўзброеныя сілы ў блоку НАТА і развітую абаронную прамысловасць, імкнецца да таго, каб адыгрываць больш значную ролю на міжнароднай арэне. Так, Турцыя стала ключавым пасярэднікам у перамовах па Чарнаморскай ініцыятыве, падтрымліваючы дыялог як з Украінай, так і з Расіяй.
Пры гэтым як Эрдаган, так і Трамп не раз казалі пра добрыя асабістыя стасункі паміж імі.
«Я веру, што наша супрацоўніцтва са Злучанымі Штатамі будзе развівацца ва ўсіх галінах падчас другога прэзідэнцкага тэрміну Трампа, у тым ліку дзякуючы нашай моцнай дружбе з ім», — сказаў турэцкі прэзідэнт і гэтым разам.
Гаворачы пра ўведзеныя Трампам тарыфы, Эрдаган адзначыў, што 10%-я мыты на турэцкія тавары могуць мець і станоўчы эфект для эканомікі краіны.
«Мы робім усё магчымае з мэтай не дапусціць, каб вострая камерцыйная канкурэнцыя праз мытныя тарыфы стала разбуральнай, — сказаў Эрдаган. — Турцыя будзе сярод краін, якія выйграюць ад гэтага працэсу».
Сам турэцкі прэзідэнт усе апошнія месяцы спрабуе ўтаймаваць маніфестантаў, якія праводзяць акцыі ў падтрымку галоўнага палітычнага праціўніка Эрдагана, мэра Стамбула Экрэма Імамоглу, які знаходзіцца ў турме.
Чытайце таксама:
Эрдаган падаў у суд на лідара турэцкай апазіцыі і патрабуе з яго 13 тысяч даляраў
Прадстаўнік Трампа абвергнуў публікацыю The Times пра падзел Украіны на манер пасляваеннага Берліна
Расіі пагражаюць новыя санкцыі, калі не будзе пагаднення аб перамір'і да канца красавіка