Дзеці пад Гомелем сталі гадаваць у сябе дома багамолаў. Навошта?
У аграгарадку Яроміна Гомельскага раёна вучні мясцовай школы займаюцца вельмі незвычайнай дзейнасцю — гадуюць такіх нетрадыцыйных для Беларусі казурак, як багамолы, піша раённая газета «Маяк».
Фота Максіма Шастакова
Эксперымент пачаўся каля двух гадоў таму, калі настаўнік Максім Шастакоў разам з вучнем Артурам Малікавым пачалі займацца вывядзеннем першых асобін.
У 2023 годзе Артуру і ягонаму сябру Вячаславу Сібілеву ўдалося атрымаць ад злоўленых казурак каля 30 коканаў (аатэк), з якіх тэарэтычна павінны былі вылупіцца на свет тысяча-паўтары карысных для сельскай гаспадаркі драпежнікаў.
Спярша хлопцам удалося вывесці каля дзясятка багамолаў, якія пры нараджэнні былі не большыя за камара.
Фота Максіма Шастакова
Пасля, праўда, праз недагляд аднаго з удзельнікаў эксперыменту пры адной з перавозак амаль усе казуркі загінулі, цудам уратавалася толькі адна асобіна.
Многія меркавалі, што з гэтага ўжо нічога не будзе, але ў верасні ўдзельнікаў эксперыменту чакаў сюрпрыз. Мала таго, што багамол выжыў, ён яшчэ і спакойна вырас у беларускіх умовах.
Пасля гэтага вывядзенне незвычайнай для нашых шырот казуркі працягнулася. Школьнікам ужо ўдалося вывесці 11 асобін, якіх плануюць выпусціць на невялікую тэрыторыю прысядзібнага ўчастка. Затым яны будуць вывучыць тое, як зменіцца ўраджайнасць мясцовых культур, бо багамолы харчуюцца рознымі шкоднікамі.
Фота Максіма Шастакова
У планах дзяцей на будучыню — прапанаваць свае напрацоўкі НАН Беларусі, каб павялічыць маштаб эксперыменту. Іх настаўнік Максім Шастакоў падкрэслівае, што ў выпадку поспеху ёсць рэальная магчымасць замяніць хімічныя спосабы барацьбы з шкоднікамі біялагічнымі, што мае адбіцца на якасці культур.
Чытайце таксама:
У Заслаўі мужчына знайшоў на сваім участку казурку, якую ў Беларусі бачаць пакуль рэдка