Дзе ў Беларусі могуць пабудаваць новую АЭС?
Разглядаюцца два месцы для будаўніцтва другой АЭС у Беларусі — дадатковы блок БелАЭС у Астраўцы і новая АЭС у Магілёўскай вобласці.
«Цяпер разглядаюцца варыянты будаўніцтва ў Беларусі альбо дадатковага, трэцяга, энергаблока ўжо дзейнай БелАЭС у Астраўцы, альбо новай двухблочнай АЭС у Магілёўскай вобласці»,
— паведаміў РІА Навіны дырэктар Другога дэпартамента краін СНД МЗС Расіі Аляксей Палішчук.
Палішчук дадаў, што беларускія партнёры зацікаўленыя ў працягу супрацоўніцтва з Расіяй у сферы атамнай энергетыкі.
Па яго словах, праца па тэхніка-эканамічным абгрунтаванні будаўніцтва другой АЭС у Беларусі павінна быць завершана да сярэдзіны года. Для абмеркавання тэхнічных і фінансавых умоў гэтага праекта Беларусь і Расія сфармавалі экспертную рабочую групу, якая ўжо правяла некалькі сустрэч. На сустрэчах разглядалі такія пытанні: лакацыя будучай станцыі, цана, тып рэактараў, тэрміны будаўніцтва.
«Гэтыя пытанні абмяркоўваюцца і ў іншых фарматах, уключаючы рэгулярныя сустрэчы кіраўніцтва дзяржкарпарацыі «Расатам» і ўрада Беларусі», — дадаў Палішчук.