БЕЛ Ł РУС

Прэм'ер Літвы: Санкцыі супраць Расіі і Беларусі павінны быць хаця б рэгіянальнымі, нацыянальныя без толку

14.04.2025 / 16:34

Nashaniva.com

Апошнім часам у Літве на высокім узроўні сталі гаварыць, што калі Еўрасаюз не працягне сектаральныя санкцыі супраць Расіі і Беларусі, то Літва магла б увесці супраць іх свае нацыянальныя абмежаванні. Прэм'ер-міністр краіны Гінтаўтас Палуцкас, аднак, заявіў, што такое рашэнне павінна быць прынята на рэгіянальным узроўні, інакш яно не дасць ніякага рэальнага эфекту, піша Delfi.lt.

Гінтаўтас Палуцкас. Фота: Augustas Didžgalvis / Wikimedia Commons

«Калі гэтыя [еўрапейскія] санкцыі не будуць працягнутыя, будзе складана дамагчыся таго ж эфекту з дапамогай нацыянальных сектаральных санкцый. Нам трэба падрыхтавацца, нам трэба пралічыць, нам трэба ўзважыць. Калі такой дамоўленасці не будзе — гэта будзе вельмі нядобра», — заявіў літоўскі прэм'ер 14 красавіка.

«Нацыянальныя санкцыі не могуць быць прыроўненыя і не могуць кампенсаваць еўрапейскія санкцыі. Калі больш не будзе еўрапейскіх санкцый, яны могуць быць нацыянальнымі, але яны ўсё адно павінны быць прынятыя хаця б на рэгіянальным узроўні.

Гэта значыць, што латышы, эстонцы, палякі, фіны таксама павінны прымаць такія рашэнні. Калі яны не хочуць ці не могуць прымаць такія рашэнні, то Літва, прыняўшы такія рашэнні асобна, не дасягне ніякіх мэтаў, а шкода будзе адчувальнай», — падкрэсліў ён.

Са свайго боку, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа выступае за нацыянальныя санкцыі.

«Літва была б гатовая разгледзець нацыянальныя санкцыі. Хачу адзначыць, што прымяненне санкцый асобнымі дзяржавамі, на жаль, аказвае на агрэсара значна меншае ўздзеянне, чым санкцыйны пакет з боку ўсёй супольнасці. […] Магчыма, мы знайшлі б нямала аднадумцаў. Аднак я ўсё ж выступаю за тое, каб санкцыі ЕС не проста працягвалі, але мы павінны гаварыць і дзейнічаць, плануючы сямнаццаты пакет санкцый, які цяпер разглядаецца», — заявіў Наўседа 11 красавіка.

Тэрмін дзеяння дзейных цяпер санкцый ЕС супраць Расіі заканчваецца ў ліпені.

На гэтым тыдні прапанова аб працягванні нацыянальных санкцый у дачыненні да грамадзян Расіі і Беларусі прайшла чарговае галасаванне ў Сейме. Згодна з дзейным законам аб нацыянальных санкцыях, гэтыя абмежавальныя меры дзейнічаюць да 2 мая 2025 года. Прапаноўвалася працягнуць гэты тэрмін яшчэ на год.

Чытайце таксама:

Прэм’ер Літвы: Бачыць у кожным прыбылым шпіёна — неадэкватна

Запланаваны ў Вільні канцэрт Крысціны Арбакайце выклікаў абурэнне ў сацсетках. Умяшаўся нават прэм’ер краіны

Камітэт Сейма Літвы падтрымаў ідэю анулявання ДНЖ для беларусаў, што ездзяць на радзіму

Каментары да артыкула