БЕЛ Ł РУС

Ва Ушачах археолагі знайшлі сляды паселішча X-XI стагоддзяў

14.04.2025 / 22:14

Nashaniva.com

Падчас руціннага археалагічнага абследавання перад будаўніцтвам газаправода ў самым цэнтры Ушачаў навукоўцы з Інстытута гісторыі НАН Беларусі зрабілі адкрыццё — знайшлі сляды старажытнага паселішча, якое існавала тут яшчэ ў X—XI стагоддзях, піша «СБ-Беларусь сегодня».

Месца размяшчэння археалагічнага помніка. Фота Марата Клімава

У цэнтры райцэнтра, за 300 метраў ад райвыканкама падчас назірання за зонай па пракладцы газаправода, якое робіць УП «Полацкгазбуд», археолагі выявілі старажытныя пласты, якія адносяцца як мінімум да X—XI стагоддзяў, а ў іх знайшлі фрагменты ганчарнай і ляпной керамікі і бронзавы наканечнік шыйнай грыўны.

Гэта сведчыць пра тое, што ў X-XI стагоддзях тут ужо было паселішча, а значыць, гэтая знаходка дазваляе па-новаму глянуць на гісторыю Ушач, адзначае супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Марат Клімаў:

«Раней лічылася, што Ушачы ўпершыню згадваюцца толькі ў XVI стагоддзі ў складзе Полацкага ваяводства. Але цяпер аказалася, што людзі жылі тут на 500 гадоў раней. Гэта мяняе ўяўленне пра гісторыю засялення гэтых зямель».

Фота Марата Клімава

Ушачы вядомыя археалагічнымі раскопкамі курганоў, а старажытныя паселішчы заставаліся «за кадрам». Цяпер старажытнае паселішча знайшлі ў саміх Ушачах.

Пра астатняе можна меркаваць ужо пасля грунтоўных археалагічных раскопак. Але ці будуць яны, пытанне застаецца адкрытым, кажа Марат Клімаў:

«Помнік гісторыі знаходзіцца на месцы сучасных агародаў жыхароў райцэнтра. З-за гэтага, на жаль, даследаванне можа сутыкнуцца з цяжкасцямі. Але ўжо дакладна можна сказаць, што Ушачы на 500 гадоў старэйшыя».

Чытайце таксама:

Найвядомейшая гістарычная выява Новага замка ў Гродне аказалася несапраўднай

Чорная смерць у Полацку. Навукоўцы знайшлі сведчанне эпідэміі XIV стагоддзя

У Нацыянальным мастацкім музеі паказваюць артэфакты з археалагічных раскопак у Мінску і Ваўкавыску

Знойдзены ў беларускім архіве малюнак раскрывае таямніцу загадкавага мяча са старажытнага кургана

Чаму на Беларусі насамрэч няма 700-гадовых дубоў і як старажытная архітэктура дапамагае батанікам

Каментары да артыкула