Вывучэнне парэшткаў гэтага перыяду ў гарадскіх некропалях паказала анамальную смяротнасць сярод маладых людзей. Звесткі пра эпідэмію, якая змяніла аблічча Еўропы, на беларускіх землях вельмі скупыя, але летапісы згадваюць, што мор напаткаў Полацк адным з першых з рускіх гарадоў.

Вынікі аналізу астэалагічных матэрыялаў (астэалогія — раздзел анатоміі, прысвечаны вывучэнню шкілета), здабытых археолагамі, былі прадстаўлены ў артыкуле «Смяротнасць насельніцтва Полацка XI—XVIII стст. паводле дадзеных палеадэмаграфіі» беларускага антраполага Вольгі Емяльянчык, апублікаваным у «Полацкім весніку»
Даныя палеадэмаграфіі, якія грунтуюцца на вывучэнні чалавечых шкілетных астанкаў, атрыманых у выніку раскопак пахаванняў, з'яўляюцца адзінай крыніцай для рэканструкцыі смяротнасці насельніцтва эпохі Сярэднявечча і Новага часу. На тэрыторыі старажытнага Полацка быў адкрыты і даследаваны шэраг могілак гэтых эпох.
У 2014 годзе на тэрыторыі полацкага Ніжняга замка ўпершыню быў адкрыты і даследаваны сярэднявечны гарадскі некропаль XIII—XIV стагоддзяў, а ў 2020 годзе — пахаванні XI—XIII стст. з тэрыторыі Верхняга замка.
Могілкі XI—XIII стст. на Верхнім замку былі выяўлены ў час ратавальных археалагічных прац, звязаных з будаўніцтвам Полацкага кадэцкага вучылішча. Было выяўлены рэшткі не менш як 160 асоб рознага полу і ўзросту.

Могільнік XIII—XIV стст., дзе выяўлены рэшткі не менш чым 61 чалавека, паводле здагадкі археолагаў, узнік пры храме, які быў пабудаваны тут яшчэ ў XII стагоддзі — так званым «храме на стрэлцы Ніжняга замка». Тут было знойдзена і калектыўнае пахаванне, дзе былі шкілеты маладога мужчыны 20—30 гадоў, юнака 18—20 гадоў, падлетка каля 14 гадоў і дрэнна захаваныя фрагменты дзіцячых костак.
Насельніцтва Новага часу вывучалася па некропалях XVII—XVIII стст. — могільніка на тэрыторыі Полацкага гарадзішча і могільніка пры Спаса-Праабражэнскім храме Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. На гарадзішчы былі выяўлены рэшткі 50 чалавек, а каля сцен храма — не менш як 213 чалавек.
Сярод парэшткаў XI—XIII стст., выяўленых на Верхнім замку, працэнт дзіцячых парэшткаў самы вялікі — 41,5%. У гэты час пік смяротнасці прыпадае на ўзрост да 6 гадоў. Найменшая смяротнасць назіраецца ва ўзросце 15—20 гадоў. Сярэдні ўзрост смерці (без уліку дзяцей) складаў 36,7 года.
У пахаваннях Новага часу працэнт дзіцячых парэшткаў таксама вялікі — ад 30,5% да 32,0%. Сярэдні ўзрост смерці дарослых у даследаванай групе XVII—XVIII стст. склаў 37,0 года.
Такое размеркаванне смяротнасці тыповае для даіндустрыяльнага часу: пік смерцяў прыпадае на ранні дзіцячы ўзрост, затым смяротнасць рэзка змяншаецца, дасягаючы мінімуму ва ўзросце 15-20 гадоў, пасля чаго пачынае паступова павялічвацца.
На фоне гэтых даных вылучаюцца даныя, атрыманыя з пахаваннях XIII—XIV стст. на Ніжнім замку. Тут выяўлены найменшы працэнт дзячых парэшткаў — усяго 19,7%, і найменшы працэнт парэшткаў тых, хто дажыў да старасці, то бок персягнуў мяжу 50 гадоў — 11,5%. Пік смяротнасці ў гэты час прыпадае на ўзроставую групу 20—30 гадоў, а сярэдні ўзрост смерці ніжэйшы, чым у папярэднія стагоддзі — усяго 35,1 года.

Нягледзячы на недастатковую колькасць выбаркі, даследчыца выказвае асцярожную здагадку, што пахаванні на тэрыторыі Ніжняга замка ў Полацку могуць адлюстроўваць катастрафічныя дэмаграфічныя наступствы ваенных дзеянняў і эпідэміі чумы сярэдзіны XIV стагоддзя. На карысць гэтага сведчыць і наяўнасць групавога пахавання з парэшткамі некалькіх маладых людзей і дзяцей.
Падобная ж сітуацыя назіраецца і на праваслаўным могільніку XIII — пачатку XV ст. у Вільні, дзе таксама пік смяротнасці прыпадае на ўзрост 20—30 гадоў, адзначаецца нізкі паказчык сярэдняга ўзросту смерці дарослых (34 гады) і яшчэ больш нізкі працэнт тых, хто дажываў да старасці (6,6%).
Гэтыя даныя могуць сведчыць пра пагаршэнне ўмоў жыцця насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага ў параўнанні з перыядам Старажытнай Русі. У першай трэці XIII ст. у летапісных крыніцах фіксуецца значны рост колькасці экстрэмальных прыродных з’яў, якія перыядычна станавіліся прычынай голаду, эпідэмій і гібелі значнай часткі насельніцтва.
Гэтыя катаклізмы былі звязаныя з кліматычнымі зменамі, што характарызуюцца як пачатак Малога ледавіковага перыяду. Сітуацыя магла яшчэ больш пагоршыцца ў сувязі з эпідэміяй чумы, якая пракацілася па Еўропе ў сярэдзіне XIV стагоддзя.
Што гэта было?

У пачатку XIV ст., у час найвышэйшага гаспадарчага ўздыму і дэмаграфічнага росту феадальнай Еўропы, з’явіліся першыя прыкметы крызісу. Пачаў выразна пагаршацца клімат. Ад канца XIII ст. надышоў гэтак званы Малы ледавіковы перыяд, які працягваўся да сярэдзіны XIX ст. Клімат стаў халаднейшым, няўстойлівым, скараціўся вегетацыйны перыяд. 1272—1291 гг. вызначаліся надзвычай сухімі гадамі, а 1312—1322 гг. наадварот вельмі вільготнымі.
Пісьмовыя крыніцы аднатавалі заняпад вінаградарства ў Англіі, на палях Нарвегіі перастала выспяваць збожжа, Балтыйскае мора ўзімку пачало пакрывацца лёдам. Даволі прымітыўная сельская гаспадарка, якая складала аснову ўсяго эканамічнага жыцця, моцна залежала нават ад нязначных зменаў прыродных умоў.

Некалькі неўраджаяў запар у 1314—1317 гг. выклікалі хвалю голаду, якая ахапіла многія краіны Еўропы. У Лівонскай хроніцы Германа Вартберга паведамляецца:
«У 1315 годзе […] была дарагавізна і голад у Лівоніі, так што людзі забівалі з голаду сваіх дзяцей, выкопвалі з магіл трупы памерлых, здымалі з шыбеніц павешаных, варылі і жэрлі ix».
Па Еўропе пракаціліся сялянскія паўстанні і гарадскія бунты. Пачалі панаваць містычныя настроі, узнікалі новыя рэлігійныя рухі і секты. Часта сацыяльная напруга вылівалася ў пагромы яўрэяў, якія ў выніку былі вымушаны перасяліцца на тэрыторыю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Але сапраўдная катастрофа яшчэ была наперадзе. У 1348 годзе ў Еўропу з Азіі прыйшла «чорная смерць», эпідэмія бубоннай чумы, якая пакінула некаторыя рэгіёны бязлюднымі.
Пастаянны голад спрычыніўся да аслаблення агульнага імунітэту еўрапейскага насельніцтва, але пошасць не адрознівала бедных ад багатых — забірала ўсіх, што яшчэ больш павялічвала паніку. Хворыя трызнілі і шалелі, ад іх стаяў невыносны смурод, а трупы імкліва чарнелі — адсюль і ўзялася іншая назва бубоннай чумы.
У выніку колькасць еўрапейскага насельніцтва за стагоддзе паменшала прыблізна з 73 мільёнаў чалавек да 45 мільёнаў.

«Чорная смерць», насуперак распаўсюджанаму меркаванню, не абмінула Усходнюю Еўропу і землі Вялікага Княства Літоўскага. Звесткі пра эпідэмію на беларускіх землях вельмі скупыя, яна выпала на час гаспадарання дуумвірату Альгерда і Кейстута.
Найперш «Чорная смерць» дабралася да Полацка, злучанага з Заходняй Еўропай гандлёвым шляхам праз Дзвіну. У Ніканаўскім (Патрыяршым) летапісе пад 1348 г. коратка паведамляецца пра мор у Полацку: «У лета 6857. Таго жа лета мор бысць на людзі ў Полацке».
Пад 1351 г. у летапісе згадваецца мор у Смаленску і адначасова ў Кіеве, Чарнігаве і іншых гарадах. Пад 1365 г. летапісец інфармуе пра буйную эпідэмію ў Літве.
Як піша беларускі археолаг Аляксандр Краўцэвіч, праявы гэтага дэмаграфічнага крызісу ў Беларусі выразна прасочваюцца археалагічнымі даследаваннямі. У XIV ст. рэзка скарацілася колькасць сельскіх паселішчаў.
Калі знойдзеныя археолагамі селішчы з XII—XIII стст., часоў росквіту сярэднявечча, лічацца сотнямі, то селішчаў гэтага перыяду нашмат менш. Заўважна паменшала тэрыторыя гарадоў.
На гарадскіх пасадах, за выключэннем замкаў, культурныя напластаванні XIV—XV стст. невыразныя, часта над культурным слоем XIII ст. залягаюць адразу наслаенні канца XV ст., калі ўжо пачынаўся выхад з крызісу. Археалагічныя даследаванні паказалі таксама выразнае збядненне ў XIV ст. матэрыяльнай культуры, не толькі элітарнай, але і масавай, г. зн. народнай.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары