БЕЛ Ł РУС

Перасылка рылса ў інстаграме можа вас выдаць. Гэтую функцыю нельга адключыць, але можна абараніць сябе — вось як

16.04.2025 / 21:32

Nashaniva.com

З нядаўняга часу інстаграм пачаў дадаваць у спасылкі з матэрыяламі, якімі вы дзеліцеся, спасылку на ваш акаўнт, на які прапануюць падпісацца. Гэта можа быць небяспечна, калі вы хочаце захаваць прыватнасць (і тым больш ананімнасць). Калі ў TikTok гэта можна адключыць, то ў інстаграме — не. Але калі быць уважлівым, то можна абараніць сваю прыватнасць.

Калі вы скапіруеце нешта, чым хочаце падзяліцца (напрыклад, відэа «Нашай Нівы») у інстаграме і скапіруеце спасылку на публікацыю праз праграму інстаграма (напрыклад, на андроідзе ці айфоне), а пасля дашлеце яе некаму, не рэдагуючы, то яна будзе мець такі выгляд:

https://www.instagram.com/reel/DIYMVTboJ7M/?igsh=************==

То-бок, у яе дадаецца параметр igsh. Гэта дазваляе пабачыць, з якога менавіта акаўнта было расшэранае відэа. Гэта можа быць праблемай, асабліва калі вы расшэрылі нешта ў публічным чаце або вялікай суполцы. Візуальна гэта выглядае так:

Адметна, што калі абраць опцыю «Share» ў інстаграме, то ў любым выпадку спасылка будзе мець гэты дадатковы хвост. А ў выпадку з Telegram спасылка будзе адразу дасланая з параметрам igsh, якія дазваляе пабачыць ваш акаўнт (Whatsapp хаця б дае магчымасць рэдагаваць спасылку).

Функцыі, з дапамогай якіх можна падзяліцца спасылкай. Калі вы абераце «Share», то спасылка будзе з дадатковай опцыяй, якая дазваляе пабачыць ваш акаўнт і дашлецца з ім.

Адзіны шлях, як можна надзейна абараніцца, даволі тапорны. Калі вы хочаце падзяліцца спасылкай на нешта, то спачатку скапіруйце яе ў праграме інстаграма з дапамогай функцыі Copy link (скапіраваць спасылку), пасля ўстаўце туды, дзе хочаце ёй падзяліцца, і ўручную выдаліце ўсё, што знаходзіцца пасля сімвалаў «?igsh=» разам з імі.

Вось як будзе выглядаць у такім выпадку спасылка на адно з відэа «Нашай Нівы» (заўважце, што там няма нічога пасля сімвала «/», гэтая частка выдаленая — і гэта адзінае, што змянілася):

https://www.instagram.com/reel/DIYMVTboJ7M/

Калі частку з параметрам igsh не выдаліць, то суразмоўцу па змоўчанні будзе відаць, з якога акаўнту вы распаўсюдзілі відэа. Ніякіх налад, якія б дазвалялі выключыць гэтую функцыю, не існуе.

Чытайце таксама:

Як правільна чысціць свой акаўнт у Instagram, каб засцерагчы сябе. Падрабязны гайд

Гісторыі ў Telegram варта ствараць з асцярожнасцю: ёсць важныя нюансы, якія ўплываюць на бяспеку

Як пераход па спасылцы або прагляд чужога профілю могуць вас выдаць у TikTok

Каментары да артыкула