БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, колькі ветэранаў вайны жыве ў Мінску

16.04.2025 / 16:26

Nashaniva.com

У Мінску жыве больш ветэранаў «Вялікай Айчыннай вайны», чым у іншых рэгіёнах краіны, заявіла на прэс-канферэнцыі намесніца старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Вольга Васілеўская. Але іх ужо менш за тры сотні чалавек.

«У Мінску жывуць 278 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і 939 асоб, якія адносяцца да катэгорыі пацярпелых ад наступстваў ВАВ», — расказала чыноўніца.

Найстарэйшаму ветэрану, ці, як выказалася Вольга Васілеўская, «працаўніцы тылу», 8 лютага споўнілася 107 гадоў. Увогуле і сярод ветэранаў-доўгажыхароў, як і па іншых катэгорыях, жанчын ужо больш, чым мужчын.

Напярэдадні Дня Перамогі ўсім ветэранам будзе з 2 па 8 мая выплачана матэрыяльная дапамога ў памеры ад 1500 да 5000 рублёў, у залежнасці ад катэгорыі. Таксама органы сацыяльнай абароны на пастаяннай аснове праводзяць абследаванне жыллёвых умоў усіх ветэранаў.

«Аналіз заявак паказвае, што, як правіла, гэта невялікія просьбы. Гэта пастаноўка на сацыяльнае абслугоўванне, наданне паслуг сацработнікаў, памочнікаў па догляду. Гэта пытанні арганізацыі святочных мерапрыемстваў альбо іх удзелу ў святочных мерапрыемствах», — сказала Васілеўская.

Чытайце таксама:

Стаяць на адной назе з кнігай на галаве ў памяць пра блакаду Ленінграда. Чыноўнікі запусцілі вельмі дзіўны чэлендж да 9 Мая

У Гомелі на 9 мая ўпершыню правядуць дзіцячы парад

МАРГ папрасіў гандаль не паказваць рэкламу 8-10 мая, аформіць вітрыны ў вайсковым стылі, а на касіраў надзець пілоткі

Каментары да артыкула