Іванец расказаў пра двайныя дыпломы беларускіх выпускнікоў і чаму праблемна прызнаваць польскую і літоўскую адукацыю
Міністр адукацыі Андрэй Іванец, выступаючы ў праграме «Скажи не молчи» на тэлеканале «Беларусь 1», разважаў пра праблему атрымання вышэйшай адукацыі выпускнікамі беларускіх школ за мяжой.
Андрэй Іванец
Чыноўнік сцвярджае, што атрымаць беларусу адукацыю за мяжой — гэта не сорамна і не страшна, але важна вярнуцца ў Беларусь і прымяніць атрыманыя веды на радзіме.
Андрэй Іванец падкрэсліў, што галоўны стымул, каб выпускнікі заставаліся вучыцца ў Беларусі, — гэта павышэнне якасці айчыннай адукацыі. З якой і так усё, маўляў, у парадку, бо з пераможцаў алімпіяд у 2024 годзе 85% працягнулі навучанне ў Беларусі, і ведамства цяпер вывучае, куды накіраваліся астатнія 15%.
Зрэшты, і так вядома, што многія абітурыенты выбіраюць расійскія ВНУ, напрыклад, Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут (МФТІ), Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт (МДТУ) імя Баўмана і іншыя. І ў гэтым кантэксце Беларусь і Расія распрацоўваюць сумесныя адукацыйныя праграмы. Напрыклад, БДУ супрацоўнічае з МФТІ, а БНТУ — з МДТУ.
Па гэтых праграмах, па словах Іванца, студэнты змогуць вучыцца і ў Беларусі, і ў Расіі, атрымліваючы дыпломы абедзвюх краін. Гэта, маўляў, дазволіць выкарыстоўваць магчымасці расійскіх ВНУ і спрыяць развіццю спецыялістаў у Беларусі.
У той жа час да прызнання ў Беларусі вышэйшай адукацыі, якая даецца ў польскіх і літоўскіх ВНУ, міністр ставіцца скептычна. У ведамства, маўляў, звяртаюцца выпускнікі польскіх і літоўскіх універсітэтаў з просьбай прызнаць іх дыпломы для працы ў Беларусі, але параўнанне вучэбных праграм не дае гэтага зрабіць.
Па словах Андрэя Іванца, бываюць выпадкі, калі праграма ў замежным універсітэце ахоплівае толькі каля паловы таго, што вывучаецца ў Беларусі. У такіх сітуацыях дыплом не прызнаецца. І ў некаторых выпадках нібыта прасцей зноў паступіць у беларускую ВНУ, напрыклад, на завочнае навучанне, чым «дапрацоўваць» тых спецыялістаў, што прыехалі з Польшчы ці Літвы.
Чытайце таксама:
У ВНУ закрыюць 45 спецыяльнасцяў
Ва ўсіх ВНУ Беларусі з наступнага года пачнуць вывучаць штучны інтэлект
«Взвейтесь кострами» ў іншай форме вярнулася ў школы». Што цяпер адбываецца ў беларускай адукацыі?