БЕЛ Ł РУС

«Жонка гатуе сабе, я — сабе». Пары расказалі, як дзеляць бюджэт 50 на 50

21.04.2025 / 9:46

Nashaniva.com

Ці можна падзяліць бюджэт пароўну, калі ў людзей розныя прыбыткі, як размяркоўваць абавязкі па дому і якія аргументы ў прыхільнікаў схемы «50 на 50». Тры беларусы падзяліліся сваімі гісторыямі з Onliner.

«Бюджэт 50 на 50 прывёў да разводу»

Калі Марыя пачала сустракацца са сваім будучым мужам, яе заробак быў практычна ў два разы меншы, чым у яго. Ніякіх праблем з-за грошай спачатку не ўзнікала, пара пачала жыць разам.

— Ключавы момант — мой тады яшчэ будучы муж падкрэсліваў, што яму вельмі не падабаецца, калі жанчына робіць усё па хаце адна. Ён казаў, для яго лагічна і відавочна, што два чалавекі, якія знаходзяцца ў адносінах, павінны пароўну дзяліць абавязкі па хаце.

Потым зарплата Марыі пачала расці, і праз нейкі час пасля вяселля розніца ў яе даходах з мужам стала прыкладна ў раёне $400 — якраз гэтую суму муж плаціў за здымную кватэру, а на выдаткі ў іх заставаліся прыкладна роўныя сумы.

— Мы дарылі адзін аднаму падарункі, хадзілі ва ўстановы, недзе ён плаціў, недзе — я, таксама плюс-мінус пароўну рабілі нейкія рэчы па хаце.

У нейкі момант муж пачаў крытыкаваць выдаткі Марыі — заняткі спортам з трэнерам замест звычайных трэніровак, псіхолаг – і прапанаваў дзяліць усё напалову.

— Ён пачаў казаць, што я ўсюды хаджу, а ён — не і толькі плаціць за нас у рэстаранах. Да мяне былі прэтэнзіі, што я трэніруюся, але харчуюся так, як хачу, а трэба правільна, каб быў паўнацэнны вынік. А потым праскочыла фраза: раз ён больш зарабляе і выдаткоўвае, то не павінен практычна нічога рабіць па хаце.

Дзяўчына кажа, што адчувала моцны прэсінг з-за грошай і стамілася слухаць прэтэнзіі нібыта з-за няправільных выдаткаў, таму пагадзілася дзяліць усе выдаткі на 50 на 50, у тым ліку аплачваць палову кватэры. Тады яшчэ яна не ведала, што ўсё скончыцца разводам.

— Мы пачалі жыць 50 на 50, але гэта ператварылася проста ў нейкі кашмар, — лічыць дзяўчына. — Як мне здаецца, гэта было не зусім адэкватна: любы паход у краму заканчваўся дзяленнем чэка напалову, любы паход ва ўстанову — падлікам, хто колькі з'еў. Мне гэта не падабалася.

— Калі вы з мужам пачалі плаціць 50 на 50, вам прыйшлося ўрэзаць свае выдаткі або дыскамфорт быў менавіта з-за пастаянных падлікаў?

— Насамрэч, калі мы пачалі плаціць 50 на 50, у нечым мне нават стала лягчэй.

Напрыклад, раней я купляла за свае грошы ўсю бытавую хімію: парашок для мыцця, кандыцыянер, адбельвальнік, гелі для душа і гэтак далей. Калі пачалі плаціць за гэта 50 на 50, мой муж быў крыху ў шоку ад таго, колькі каштуюць усе гэтыя рэчы.

Ежу мы куплялі сабе асобна. Былы муж ростам амаль 2 метры, важыў 90 кілаграмаў, а я 157 сантыметраў і 60 кілаграмаў — адпаведна, мы ямо каласальна розную колькасць ежы. Так што мае выдаткі скараціліся.

Па словах Марыі, з фінансавага пункту гледжання ёй стала жыць нашмат лепш, яна пачала адкладаць дадатковыя грошы. Але сямейная атмасфера вельмі пацярпела.

— У нейкі момант муж прапанаваў, што раз мы дзелім выдаткі 50 на 50, то хай ва ўстановах плаціць той, хто запрасіў.

Пры гэтым Марыя кажа, што муж не спяшаўся дзяліць 50 на 50 хатнія абавязкі. Яны абодва працавалі ў IT-сферы, але ў кампаніі Марыі была чатырохдзёнка па дзевяць гадзін у дзень, а ў яе мужа — пяць дзён у тыдзень па восем гадзін, і гэта таксама стала праблемай. Муж лічыў, што ў вольную пятніцу дзяўчына магла б сама прыбраць кватэру, а не займацца ў залі ці рэпетытарствам з дзецьмі.

— У нейкі момант з-за таго, што ён наогул не дапамагаў мне па хаце, я купіла робат-пыласос. У нас была трохпакаёвая кватэра, гэта немаленькія плошчы. У свой выходны я ўвесь дзень змушаная была працаваць, проста гэта была праца па хаце: прыбіраць, сціраць, гладзіць.

Або яшчэ адна сітуацыя: у маёй сям'і было прынята, што пасцельную бялізну можна адвезці ў пральню, там памыюць, папрасуюць і вернуць усё прыгожае. Я таксама сабрала пасцельную бялізну і папрасіла мужа завезці яе ў пральню. Ён вяртаецца дадому і кажа: «Я не гатовы плаціць за гэта 30 рублёў, лепш памыю дома сам». У выніку ён нічога не рабіў, я прала гэтую бялізну — зразумела, у пральнай машыне, але яе ж таксама трэба сабраць, развесіць, папрасаваіць, а там жа яшчэ некалькі камплектаў.

Яшчэ адзін аргумент, чаму муж выступаў за дзяленне бюджэту 50 на 50, — Марыя не гатавала яму вячэры. Але ў дзяўчыны ёсць сваё тлумачэнне.

— У мяне фіксаваны працоўны дзень, і з дзесяці раніцы да сямі вечара я павінна быць у офісе. А ў яго гнуткі працоўны дзень, калі пачаць у сем раніцы, то праз восем гадзін ты вольны. Я казала, каб пачынаў працоўны дзень пазней, каб я паспявала гатаваць вячэру, але ён адказваў, што яго гэта не задавальняе: ён хоча раней пачынаць працу, але каб, калі ён прыходзіў, дома была вячэра.

А я чыста фізічна не магла гэта паспець: калі ён прыходзіў дадому, у мяне заставалася яшчэ гадзіна працы. Але ў яго разуменні гэта азначала, што я пра яго не клапацілася, не гатавала яму ежу, — дык чаму ён павінен на мяне марнаваць нейкія дадатковыя грошы?

— Як вам здаецца, у які момант усё пайшло не так і ці можна было гэта выправіць?

— Напэўна, усё пачалося проста з-за таго, што ў нас сталі плюс-мінус аднолькавыя заробкі і я пачала выдаткоўваць грошы на сябе. У яго знікла пачуццё, што ён вось увесь такі.

— Гэта значыць, ён не адчуваў сябе здабытчыкам?

— Мне здаецца, што так. Таму што я магла выдаткаваць свае грошы на сябе, а не прасіць нешта ў яго і быць суперудзячнай, што ён мне купіў, напрыклад, упрыгожванні. Я купляла іх сабе сама.

— Якія высновы вы для сябе зрабілі і якія чаканні ў вас зараз ад партнёра?

— У мяне ёсць прыклады знаёмых, бацькоў, калі мужчына бярэ на сябе матэрыяльную адказнасць, і ўсё выходзіць добра.

Я не гатова больш нават сустракацца з чалавекам, у якога ў галаве ёсць думкі пра 50 на 50. Я зараз добра зарабляю і магу сама за сябе заплаціць. Проста калі мужчына хоча, каб жанчына была з ім на роўных, то гаворка ідзе пра выдаткі, а ва ўсім астатнім ён не хоча быць на роўных — напрыклад, ва ўборцы дома і іншых рэчах.

Калі сям'я жыве па прынцыпе 50 на 50, то са з'яўленнем дзяцей больш клопатаў і абавязкаў з'явіцца менавіта ў жанчыны, а жыццё мужчыны зменіцца ў меншай ступені. Мужчына таксама можа пайсці ў дэкрэт, але ў Беларусі гэта практыкуецца рэдка, заўважае дзяўчына.

— Калі мужчына не гатовы ўзяць на сябе матэрыяльную адказнасць за жанчыну на этапе адносін, то ён не будзе гатовы і зрабіць гэта для свайго дзіцяці, калі жанчына не будзе зарабляць. І жанчына будзе адчуваць сябе абсалютна безабароннай. Проста не хочацца нават думаць аб дзецях у сітуацыі, калі няма падтрымкі.

Мне падаецца, што мужчына, які хоча жыць з жанчынай 50 на 50, не гатовы да сям'і. Ён хоча проста добра бавіць час.

«Нават сабаку выгульваем 50 на 50»

У Дар'і іншая гісторыя і прыклад камфортнага дзялення бюджэту напалову. Дзяўчына запэўнівае, што ўсе моманты прагаворваюцца, таму ніхто не ў крыўдзе.

Здаецца, усё пачыналася з буйной пакупкі. Праз год адносінаў яна і яе будучы муж зразумелі, што ў сур'ёзную рэч трэба ўкласціся дваім. Тады іх даходы былі не вельмі высокімі, таму выдаткі на буйную куплю было прасцей падзяліць.

— Перад тым як рабіць нейкія пакупкі, мы ўжо пачыналі дыскутаваць і смяяліся: ну што, напалову скідваемся? Часцей за ўсё нашы даходы былі супастаўныя. Часам у мужа зарплата была большая, але я лічыла сваім абавязкам таксама скідвацца: гэта ж агульная справа і агульны побыт. Мусіць, мы проста прыжыліся да гэтай тэмы і потым, нават не пытаючыся, дзялілі выдаткі 50 на 50.

— А да першай буйной пакупкі неяк паднімалі тэму грошай?

— У пачатку адносін, вядома, больш выдаткоўваў муж. Быў цукерачна-букетны перыяд, мусіць, дзесьці больш ён частаваў, дарыў падарункі. Усе выдаткі былі па большай частцы ягоныя, але жылі мы не разам, таму я лічу, што гэта быў нейкі мінімум выдаткаў, — жартуе Дар'я.

Калі пара стала жыць разам, пачалі з'яўляцца сур'ёзныя выдаткі, і кожны раз маладыя людзі дзялілі іх напалову. Гэта было літаральна ўсё, у тым ліку выдаткі на вяселле. Грошы на адпачынак, будаўніцтва дома і крэдыт на яго — усё гэта пара аплачвае пароўну. Назапашванні таксама адкладаюць разам.

— Ці ёсць нейкія выключэнні?

— Так, бываюць. Гэта нейкія падарункі адзін аднаму, і тут часцей, вядома, муж песціць мяне. Свае захапленні, хобі кожны таксама аплачвае сам. Калі гаворка ідзе, каб бавіць час у коле сяброў, то Андрэй бярэ выдаткі на сябе, і пытанняў адзін да аднаго не ўзнікае. Я потым таксама магу пачаставаць яго ў кавярні.

Яшчэ адзін момант — асабістыя пакупкі, якія патрэбныя толькі аднаму з нас. Тады купляе адзін чалавек, але калі потым трэба, то карыстаемся мы абодва. Напрыклад, я купляла сабе экшэн-камеру, але муж таксама ёй карыстаецца. Ён цяпліцу сабе купляе, і я такая: можна я таксама туды ўціснуся? З такімі рэчамі таксама няма праблем.

— Вашы выдаткі, дапусцім, на касметолага, адзенне таксама дзеліце?

— Усё, што тычыцца жаночай часткі (апрануцца, намарафеціцца), — гэта мае асабістыя выдаткі. Я адношу гэта да забаў, хобі, вольнага часу — у кожнага на гэта ёсць свае грошы, і іх мы трацім так, як лічым патрэбным.

Калі хтосьці ў пары супраць скідацца на пэўную рэч, тады ўсе выдаткі бярэ на сябе іншы чалавек, але часцей пара ўсё роўна агаворвае, ці патрэбна купля. Часам бываюць сітуацыі, калі ў некага заканчваюцца грошы і не атрымліваецца пакрыць сваю палову бюджэту. Дар'я прызнаецца, што такое часцей бывае ў яе, але на гэты выпадак ёсць гатовае рашэнне.

— Мы або дамаўляемся з мужам (што ён пакрые маю частку, а я ў іншы раз — яго, напрыклад частую ў кафэ), або ён «ставіць мяне на лічыльнік» (гэта ўзгоднена ўзаемна). У другім выпадку гэта азначае, што напрыканцы месяца муж піша мне, якую суму ён унёс за мяне. Калі я атрымліваю грошы, то альбо дадаткова ўношу гэтую суму ў агульны бюджэт, альбо аддаю грошы асобна мужу.

Хатнія абавязкі ў сям'і таксама імкнуцца дзяліць пароўну, каб усё было сумленна.

— Гатую часцей я, але бываюць моманты, калі загружана працай, і тады гатуе Андрэй. Сабаку мы выгульваем 50 на 50: муж — раніцай, я — увечары. Можам трэці раз разам, то бок у нас нават тут раўнапраўе.

— Улічваеце, у каго больш стрэсавая праца і каму трэба больш адпачынку?

— Мы абодва працуем з дому, у нас падобныя напрамкі. Графік працы ў дваіх хаатычны, можа быць з раніцы і да ночы. Так што тут ёсць баланс і разуменне адно аднаго.

— Выходзіць, вас усё задавальняе? Няма крыўды, што муж мог бы ўзяць на сябе больш?

— Гэта свядомы выбар, таму мы адчуваем сябе камфортна. У мяне, напэўна, спачатку была нейкая крыўда, што я магла, магчыма, не дацягваць. Гэта значыць, я ўкладвалася максімальна, каб унесці палову грошай у агульны бюджэт, але мне не хапала, магчыма, на свае выдаткі. Тады я гэта не агучвала, проста спрабавала перамагчы. Гэта быў нядоўгі перыяд, потым ужо стала лягчэй, калі даход вырас.

У цэлым лічу, што прынцып «50 на 50» для нас справядлівы, таму што мы адначасова і абодва фінансава незалежныя, і ўкладваемся ў агульныя мэты і побыт.

У нас ёсць павага да ўкладу партнёра, мы гэта вельмі цэнім адно ў адным. Мусіць, таму ёсць такая гармонія.

Журналісты пытаюцца ў Дар'і, што будзе, калі нешта зменіцца, напрыклад, нечы даход: упадзе ці вырасце ў два разы.

— У мяне ў планах якраз ёсць змена дзейнасці, думаю, спачатку мой прыбытак упадзе. Але я пакідаю за сабой сякія-такія абавязкі з папярэдняй працы, каб я магла скідвацца на крэдыт, адкладаць на будучыню разам з мужам. Такое я буду пакідаць за сабой абавязкова, а магчыма, нейкія хатнія выдаткі будзе забіраць на сябе Андрэй.

У нас гнуткія падыходы, таму мы гатовы да змен. Аднак я буду імкнуцца да таго, каб вярнуцца да схемы 50 на 50. Гэта ўжо нават справа прынцыпу.

«Жонцы не вельмі падабаецца»

У сям'і Дзяніса спачатку працавала схема «зарплата мужа — гэта грошы сям'і, а заробак жонкі — гэта грошы жонкі». Але літаральна паўгода таму ён прапанаваў дзяліць бюджэт 50 на 50.

— Не тое каб я лічыў такі варыянт аптымальным… Але ў нашай сям'і я асноўны здабытчык, а жонка марнавала грошы і не шанавала іх, — тлумачыць сваю логіку Дзяніс. — Куды сыходзіла зарплата жонкі, я наогул без паняцця, гэта былі яе грошы. Я аплачваў крэдыт за кватэру, харчаванне, аўтамабіль — можна сказаць, усё, акрамя «камуналкі», якую плаціла жонка.

Мужчына кажа, што часам нават не разумеў, куды так хутка ідуць грошы, але прыкмячаў нейкія бытавыя дэталі. Напрыклад, з 10 набытых ёгуртаў 5 магло адправіцца ў сметнік, таму што ніхто іх не еў і скончыўся тэрмін прыдатнасці. А зараз усё запар не купляецца.

— Што стала апошняй кропляй, з-за якой вы прапанавалі 50 на 50?

— Мусіць, дзесьці бліжэй да Новага года я вырашыў пагаварыць з жонкай. Сказаў, што яна не шануе грошы, мае старанні ў сям'і, я павінен вечна падладжвацца пад яе. У яе графік працы — першая і другая змена. Мне хацелася б, каб яна працавала толькі па першых зменах, каб я мог і на працы спакойна затрымацца, і ў камандзіроўку з'ездзіць, не перажываючы, што дзіця з садка ніхто не забярэ.

Дзяніс не называе канкрэтных лічбаў, але кажа, што розніца ў даходах у іх з жонкай каласальная: ён зарабляе ў тры-чатыры разы больш. Таму прынцып 50 на 50 ужываецца да куплі прадуктаў, «камуналкі» і па іншым агульным сямейным выдаткам. Выдаткі на дзіця таксама дзеляцца 50 на 50. Часам мужчына можа аплаціць дзіцячую пакупку адзін — калі сам захацеў нешта купіць або жонцы не дазваляюць фінансы, але рэч патрэбна. За жыллё плаціць Дзяніс.

— У нас па-ранейшаму ёсць агульны сямейны бюджэт — калісьці мы разам яго збіралі, ён недатыкальны. Калі нехта хоча купіць нешта сабе, ён купляе гэта асобна за свае грошы.

Умоўна, жонка захацела сабе прас — яна яго купляе сабе сама, я захацеў PlayStation — купіў сабе за свае грошы.

Што тычыцца нейкіх забаў: калі мы пойдзем у кафэ, усё роўна плачу я, гэта значыць ад гэтага мы не сышлі. Няма такога, каб афіцыянт разбіў чэк напалову, гэтыя выдаткі ўсё роўна на мне. Працэдуры, касметыку жонка аплачвае сама, як і раней, тут нічога не змянілася.

Дзяніс згадвае, што некалькі гадоў адкладаў грошы на жыллё для сям'і. Ён рабіў гэта ў адзіночку, жонка ў працэсе не ўдзельнічала.

— Былі толькі «хацелкі», пры гэтым ніякіх крокаў да іх дасягнення з яе боку не было: ні імкнення да кар'ернага росту, ні жадання змяніць працу. Можа, я спрабую такім чынам падштурхнуць яе да змен. Але пакуль у мяне не атрымоўваецца.

— Што наконт нефінансавага ўкладу ў сям'ю? Ёсць жа яшчэ ўборка, гатоўка, іншыя абавязкі па хаце.

— Жонка гатуе сабе, я — сабе, у нас неяк і густы абсалютна розныя. Калі бярэм мыццё посуду, я з дзяцінства гэта не люблю, у мяне проста агіда. Што тычыцца ўборкі па хаце, калі трэба дапамагчы жонцы, прапыласосіць, памыць вокны, я без праблем дапамагаю. Рамонт аўта — на мне, жонка не ездзіць і нават не ўнікае, рамонт па кватэры — таксама на мне.

Пакуль што глабальна ў іх сямейным жыцці бюджэт 50 на 50 нічога не памяняў, мяркуе мужчына.

— Так, перыядычна жонка кажа, што ёй гэта не падабаецца і няёмка. Але, як я згадваў, прыйшлося прыняць такое рашэнне, таму што яна не шанавала грошы. Гэта быў мой спосаб паказаць, што яны не бяруцца проста так, што мне яны дастаюцца з цяжкасцю, а не проста капаюць на картку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула