БЕЛ Ł РУС

«Не пашпарт мяне робіць беларусам». Пагутарылі з эмігрантамі з розных краін, у якіх скончыліся пашпарты

28.04.2025 / 9:0

Nashaniva.com

Жыццё са скончаным пашпартам і немагчымасцю яго памяняць — сумная рэальнасць для многіх палітычных беларускіх эмігрантаў. Пагутарылі з беларусамі з розных краін пра тое, як яны выкручваюцца без асноўнага дакумента і што адчулі ў той дзень, калі пашпарт ператварыўся ў гарбуз.

«Хацелася б, каб у мяне зноў з’явіўся сапраўдны беларускі пашпарт. Пажадана з Пагоняй на вокладцы»

У дзень сканчэння свайго пашпарта кіраўнік ініцыятывы «Байхэлп» Аляксей Лявончык напісаў: «Сёння скончыўся мой беларускі пашпарт. Той, з агіднай фоткай, зробленай на ўскрайку Варшавы пасля ночы балявання і пасля таго, як амбасада адмовілася прыняць нармальны здымак. Ціха, без фанфары, ён сплыў у нябыт, ператварыўшыся ў гарбуз».

Аляксей Лявончык. Фота з асабістага архіва

Што цікава, цягам васьмі гадоў Лявончык быў адным з нешматлікіх людзей, хто адначасова меў два дзейныя беларускія пашпарты.

«У аднаго пашпарта сканчваліся старонкі, і я пайшоў у амбасаду памяняць яго, бо на той момант ужо жыў за мяжой. І так здарылася, што мне далі новы пашпарт, а стары забылі ануляваць. Такое вось выключэнне з правілаў».

Пры гэтым пытанне застацца без дакументаў зусім у Аляксея не стаяла, бо ён мае таксама брытанскі і польскі пашпарты.

«Але да беларускага ў мяне сентыментальны настрой, бо ён мой першы. І мне хацелася б, каб у мяне ўсё ж зноў з’явіўся сапраўдны беларускі пашпарт. Пажадана з Пагоняй на вокладцы».

Наконт рэалізацыі пашпарта Новай Беларусі Аляксей мае сумневы.

«Мне падабаецца сама ідэя, але на гэты момант я не бачу дарогі да ператварэння гэтага з ідэі ў працоўны інструмент».

Аляксей кажа, што мае шмат знаёмых, для якіх актуальная праблема сканчэння пашпарта.

«Гэта, канечне, катастрофа і ў любым выпадку дадае дадатковага гемарою. Але я лічу, што час на нашым баку, Лукашэнка хутка так ці інакш памрэ, і мы ўсе зможам вярнуцца дадому», — каментуе суразмоўца.

«Адсутнасць беларускага пашпарта — гэта нязручна, але гэта дакладна не канец свету»

У проджэкт-менеджаркі Яўгеніі Курловіч пашпарт скончыўся ў пачатку красавіка. Яна кажа, што столькі разоў пракручвала ў галаве гэты момант, што ў выніку ніякіх эмоцый не адчула.

Яўгенія Курловіч. Фота з асабістага архіва

«Калі выйшаў указ пра забарону замены пашпартоў за мяжой, мне было пацешна: што толькі рэжым Лукашэнкі не прыдумае, каб укалоць тых, хто з’ехаў. Але яны могуць да бясконцасці прыдумляць спосабы ўскладнення нашага жыцця — на фоне таго, што ёсць магчымасць атрымліваць еўрапейскія дакументы, усе іх спробы выглядаюць смешна», — каментуе Жэня.

Дзяўчына жыве ў Літве і мае гуманітарны дазвол на жыхарства да 2027 года.

«Таксама ў маёй сітуацыі з немагчымасцю вярнуцца ў Беларусь па палітычных прычынах я змагла атрымаць пашпарт замежніка — ён выдаваўся да дзейнага ў маім выпадку гуманітарнага дазвола на жыхарства. Гэта трэвэл-дакумент, які можна выкарыстоўваць для штампаў, атрымання віз і гэтак далей».

Фота скончанага пашпарта Яўгеніі

Жэня лічыць, што любая сітуацыя з дакументамі вырашальная, пытанне толькі ў часе, які на гэта прыйдзецца згубіць.

«Адсутнасць пашпарта — гэта нязручна, але гэта дакладна не канец свету. Рашэнне заўсёды можна адшукаць (і я зараз не пра вяртанне ў Беларусь).

@shen_moth #беларусь #паспорт #минск #беларускамоўныцікток #белтыкток #рек #рекк #беларуска #эмиграция #ап ♬ оригинальный звук - narkozz_track -

«Без пашпарта ты не менш беларус і, самае галоўнае, не менш чалавек»

Айцішнік Мікіта (імя змененае па просьбе героя) жыве ў Польшчы, куды пераехаў, як і многія суайчыннікі, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Тут таксама ёсць магчымасць атрымаць праязны дакумент, але першапачаткова Мікіта пачынаў сваю легалізацыю па працоўным дазволе на жыхарства і не паспеў яго атрымаць да сканчэння пашпарта, таму цяпер працэс выдачы новых дакументаў зацягваецца.

«На праязны дакумент можна падацца, толькі маючы на руках падпісанае рашэнне па міжнароднай ахове ці дазвол на жыхарства. Так што мяне гэта ўсё яшчэ чакае. Цікава, дарэчы, што на сайтах усіх дзяржаўных устаноў, якія маюць дачыненне да міграцыйнай палітыкі, пазначана, што на атрыманне праязнога дакумента замежніка маюць права толькі ўладальнікі гуманітарных дазволаў на жыхарства, людзі са статусам уцекача ці міжнароднай аховы, але на практыцы для беларусаў нават з працоўным дазволам на жыхарства ці дакументам па ўз'яднанні сям’і польскія ўлады ідуць насустрач і выдаюць дакумент. Так ці інакш, патрэбны хоць нейкі дазвол на жыхарства, а пакуль мая справа разглядаецца, ніякіх праязных дакументаў не прадугледжана». 

Польшча. Ілюстрацыйнае фота «Нашай Нівы»

Першае абмежаванне, з якім сутыкнуўся хлопец яшчэ да таго, як пашпарт скончыўся, — банкаўскія аперацыі.

«Ад польскага банка я пачаў напярэдадні атрымліваць смс і лісты, што мне трэба падаць ім валідны дакумент, інакш мне заблакуюць рахунак. Сітуацыя пакуль вырашылася пры падачы на міжнародную ахову: польскія памежнікі даюць часовае пасведчанне асобы ўзамен пашпарта (хай нават і пратэрмінаванага). Гэта часовае пасведчанне без праблем прынялі ў банку, таму да блакавання рахунка не дайшло».

Натуральна, у Мікіты таксама адпалі перамяшчэнні з Польшчы ў іншыя краіны, але гэта, як ён кажа, далёка не першае, што яго хвалюе. Па законе рашэнне па міжнароднай ахове мусіць быць прынята цягам 15 месяцаў.

«Добра, што ў справах аховы хаця б ёсць абазначаны законам максімальны тэрмін разгляду справы, не як з дазволам на жыхарства, калі ты можаш і тры, і чатыры гады чакаць. Я і арыентуюся на гэты максімум, каб не было расчаравання, бо плынь людзей вялікая, усё гэта рухаецца вельмі доўга. Але агулам Польшча для беларуса без пашпарта — не горшы варыянт, дзе можна было б апынуцца».

У праект пашпарта Новай Беларусі Мікіта верыць не асабліва.

«Усё ж тут шмат тэхнічных нюансаў — банальна ад таго, дзе вы будзеце пашпарт друкаваць, на якой паперы, што там за вадзяныя знакі, і да прызнання дакумента іншымі дзяржавамі. Свету цяпер, відавочна, не да невялікай групы беларусаў-палітычных эмігрантаў, ва ўсіх нейкія свае праблемы. У пашпарта Новай Беларусі няма ніякай дзяржаўнай структуры, і гэта галоўная праблема, на мой погляд. Сабе б такі, магчыма, я і хацеў, але хутчэй проста на памяць, а не як замену рэальнаму дакументу».

Хлопец падкрэслівае, што без пашпарта не стаў адчуваць сябе менш беларусам.

«Не пашпарт мяне робіць беларусам — я гэта выразна для сябе ўсведамляю. Так, гэта ўскладняе доступ да некаторых даброт, але без пашпарта ты не менш беларус і, самае галоўнае, не менш чалавек».

«Грузіны на ўзроўні МУС прынялі рашэнне нам адмаўляць»

Найбольш складана сітуацыя складваецца ў краінах па-за шэнген-зонай. У прыватнасці, напрыклад, у Грузіі. Там таксама ёсць магчымасць атрымаць праязны дакумент, але ён выдаецца толькі тром катэгорыям грамадзян — тым, хто атрымаў статус уцекача, з гуманітарным статусам ці асобам без грамадзянства. А беларусы тут сутыкаюцца з адмовамі.

«Грузіны на ўзроўні МУС прынялі рашэнне нам усім адмаўляць, гэта відавочна. І я лічу, што гэта дыскрымінацыя па нацыянальным паходжанні, адна з форм расавай дыскрымінацыі. Але суды тут могуць прымаць незалежныя рашэнні — залежыць, канечне, ад суддзі і канкрэтнага кейса», — каментуе юрыст, намеснік старшыні Беларускай дыяспары Аджарыі Раман Кісляк.

Раман Кісляк. Фота з асабістага архіва.

Раману адмовілі ў прытулку. У 2024 годзе ў яго скончыўся пашпарт, і цяпер ён у гульні з абскарджаннямі рашэння Дэпартамента міграцыі МУС Грузіі.

«Суд адмяніў рашэнне дэпартамента аб адмове ў прытулку, але і не абавязаў яго выдаць новае рашэнне. І дэпартамент мусіць наноў перагледзець справу».

Раман кажа, што пакуль ніводнаму беларусу ў Грузіі не далі прытулак ці гуманітарны статус. Але калі людзі вельмі хочуць заставацца ў Грузіі (у іх там ужо нерухомасць, дзеці ў школе), то можна абскарджваць рашэнні ў судзе, чым сам Раман цяпер і займаецца. 

«У нас цяпер вал такіх справаў, у маі ў судзе будзе разглядацца мінімум пяць з тых, што мне вядомыя. Судовая справа можа цягнуцца недзе год. Пасля рашэнне Тбіліскага гарадскога суда можна абскардзіць у судзе другой інстанцыі: Тбіліскім апеляцыйным судзе. Калі гэтыя дзве інстанцыі адмовяць, можна абскарджваць рашэнне на міжнародным узроўні — у Еўрапейскім судзе па правах чалавека ці Камітэтах супраць катаванняў ці расавай дыскрымінацыі, па правах дзіцяці. Праўда, такія працэсы могуць зацягнуцца на тэрмін ад двух да шасці гадоў, але на гэты перыяд вы зможаце легальна заставацца ў Грузіі (адзінае, што не зможаце выязджаць з краіны).

Раман расказвае, што некаторыя беларусы на свой страх і рызыку вырашаюць жыць у Грузіі пасля сканчэння пашпарта нелегальна, але ён нікому не раіць так рабіць.

«Тым больш цяпер у парламенце разглядаецца законапраект, дзе ёсць змяненні ў тым ліку ў правілах дэпартацыі — яна будзе паскарацца для тых, хто жыве нелегальна».

Дадатковыя варыянты легалізавацца, калі скончыўся пашпарт і не хочацца змагацца за дакументы ў Грузіі — пераехаць у іншую краіну.

«Амбасада Польшчы можа паставіць візу нават у пасведчанне на вяртанне. То-бок, беларус ідзе спачатку ў беларускую амбасаду, кажа што ў яго скончыўся пашпарт і яму трэба вярнуцца ў Беларусь, але потым ён не вяртаецца, а ідзе ў амбасаду Польшчы з пасведчаннем на вяртанне, куды яму ўклейваюць польскую візу».

Праўда, Раман адзначае, што апошнім часам колькасць віз, што выдаюць беларусам, скарацілася.

«Ёсць таксама краіны, якія праз амбасады робяць дакумент падарожжа. Так, маюцца ўжо беларусы, якія скарысталіся такой опцыяй праз французскую амбасаду: у дзяцей скончыўся пашпарт якраз, і ім выдалі так званыя Laissez-passer, і такім чынам яны заехалі ў Францыю. Зараз мы прабіваем у амбасадах іншых краін, ці гатовыя яны таксама іх выдаваць. Бо тая ж Польшча робіць гэта праз ваяводствы ўжо, а не амбасаду».

А што з пашпартам Новай Беларусі?

Не так даўно Святлана Ціханоўская, выступаючы ў Сейме Літвы, заявіла, што праект пашпарта Новай Беларусі можа быць перанесены ў іншую краіну.

Тое ж паўтарыў і дарадца Франак Вячорка, аргументуючы, што для Польшчы і Літвы пашпарты Новай Беларусі — не прыярытэт, бо ў іх ёсць вырашэнне праблемы — пашпарты замежніка ў якасці альтэрнатывы.

«Мы спрабуем зрабіць фокус на тыя краіны, дзе няма вырашэння юрыдычнага. Усё падрыхтавана для выдачы. Я думаю, што ўжо ў бліжэйшы час мы зрушымся з месца. Паглядзім, дзе яшчэ можна друкаваць пашпарты, калі не ў Літве», — пракаментаваў Франак Вячорка, дадаўшы ў каментары «Нашай Ніве», што цяпер яны «сканчваюць юрыдычныя моманты».

На сайце з праектам нацыянальнага беларускага пашпарта напісана, што аўдыт па зборы і захоўванні даных мусіў скончыцца ў канцы сакавіка. Ёсць ужо першыя беларусы, якія атрымалі пашпарт, аформіўшы папярэднюю заяўку. Павел Лібер у эфіры «Еўрарадыё» пахваліўся пашпартам Новай Беларусі са сваім фота. Адзначаецца, што ён з тэставай версіі, але зроблены па ўсіх стандартах.

Так ці інакш, пакуль што пашпарт мае выключна сімвалічны характар, аднак у Офісе не губляюць надзеі, што аднойчы ён «напоўніцца і практычным зместам».

Чытайце таксама:

«Адвакатка проста ашалела». Беларусы па-за шэнген-зонай, у якіх хутка скончыцца пашпарт — пра свой план дзеянняў

У экс-міліцыянта з жонкай у эміграцыі нарадзіліся двайняты, але яго прызналі «пагрозай нацбяспекі». На што сям'я пайшла, каб легалізаваць дзяцей?

«Падумала, што мяне дэпартуюць у Беларусь». Як беларуска падарожнічае па ЕС з жэнеўскім пашпартам і дзе ў яе ўзніклі праблемы

Каментары да артыкула