БЕЛ Ł РУС

Сцяпан Пуціла: Здаецца, Пратасевіч робіць нават крыху больш, чым ад яго патрабавалася

21.04.2025 / 20:2

Nashaniva.com

Стваральнік папулярнага праекта Nexta Сцяпан Пуціла даў вялікае інтэрв'ю выданню «Люстэрка». У ім яму сярод іншага задалі пытанне адносна таго, як ён ставіцца да людзей, якія ў свой час супрацоўнічалі з гэтым праектам — Рамана Пратасевіча і Уладзіміра Чудзянцова. 

Сцяпан Пуціла і Раман Пратасевіч. Варшава, 2020 год. Скрыншот відэа YouTube-канала «вДудь»

— У мінулых інтэрв'ю вы казалі, што на момант пачатку пратэстаў 2020-га ў камандзе было ўсяго чатыры чалавекі. Ці застаўся хто-небудзь з той чацвёркі?

— Толькі я застаўся. Але з усімі, акрамя Рамана Пратасевіча, мы ў добрых адносінах. Часам раімся, перакідаемся парай слоў.

— Сочыце за лёсам Рамана?

— Не моцна. Апошні раз я сачыў, калі быў выпад Рамана Пратасевіча ў мой бок. На жаль, гэта нельга было пакінуць без адказу — трэба было абвергнуць непраўдзівую інфармацыю. Ён выклікаў мяне на бой. Я чалавек мірны. Мы, так скажам, лепш будзем па фактах, па лічбах глядзець, а не па колькасці ўдараў па галаве. Гэта крыху прымітыўна.

У інтэрв'ю Ксеніі Сабчак Пратасевіч заявіў, што падчас працы ў Nexta «зрабіў самае чытанае рускамоўнае СМІ ў свеце». Рэдакцыя адказала: «Пратасевіч прапрацаваў у праекце менш за год, ён быў звычайным супрацоўнікам, нароўні з астатнімі. Ён не з'яўляецца ні заснавальнікам, ні сузаснавальнікам праекта Nexta». Пуціла жартам запрасіў Пратасевіча ў Варшаву для атрымання ордэна, той у адказ выклікаў былога калегу на паядынак «у любой нейтральнай краіне па правілах кулачнага бою».

— То-бок кулачнага бою не было?

— Не было і наўрад ці будзе. А можа, гэта быў нейкі ягоны кліч, каб выехаць з Беларусі? Але хай паспрабуе іншымі спосабамі.

— Цяпер вы ніяк не маеце зносін непасрэдна?

— Не.

— Але вы з ім усё ж такі працавалі разам працяглы перыяд. Як думаеце, ён сапраўды памяняў погляды ці проста гаворыць тое, што трэба ў яго становішчы?

— Складана сказаць. Мне здаецца, ён проста глыбока нешчаслівы. Ён сам казаў, што ў дэпрэсіі, [п'е] таблеткі, [бачыць] страшныя сны і гэтак далей. Усё рассудзіць час.

Для пачатку трэба дачакацца таго моманту, калі ён сам зможа цалкам ад пачатку і да канца ўсё расказаць без таго, каб у яго за спінай хтосьці стаяў і падказваў, што казаць. Вядома, непрыемна тое, што, як мне здаецца, ён робіць трохі больш нават, чым ад яго патрабавалася. Ну, як ёсць.

— Як думаеце, тое, што яго прадстаўляе прапаганда як былога рэдактара Nexta, гэта неяк нашкодзіла вашаму праекту? Ён вас дыскрэдытаваў?

— Не, ён жа былы. [Прапрацаваў] крыху менш за дзевяць месяцаў.

— Паводле адной з тэорый, за стварэннем тэлеграм-канала Nexta стаяў журналіст Уладзімір Чудзянцоў. Ці так гэта?

— Усе каналы Nexta ствараў асабіста я. У розны час з'яўляліся тыя, хто так ці інакш спрыяў, дапамагаў каналам — хтосьці з прасоўваннем, хтосьці з графікай, хтосьці тэкстамі, як і Уладзімір Чудзянцоў. Я проста не хачу зараз удавацца ў падрабязнасці, таму што чалавек, наколькі я разумею, цяпер знаходзіцца ў Беларусі, і кожнае маё слова можа быць выкарыстана супраць яго.

Я ўжо казаў, што ён дапамагаў са стварэннем фільма «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» ў 2019 годзе. За гэта, уласна, яму і падкінулі, як мне здаецца, наркотыкі на беларуска-польскай мяжы, гэта была помста.

21 лістапада 2019 года брэсцкія мытнікі знялі журналіста Уладзіміра Чудзянцова з цягніка, які рухаўся ў Польшчу. Як паведамлялася, у сумцы ў яго было знойдзена 0,87 грама марыхуаны. Пасля наркотыкі знайшлі і дома ў мужчыны. Сам Чудзянцоў адмаўляў, што рэчывы належаць яму. Праз амаль год яго прысудзілі да пяці з паловай гадоў калоніі па крымінальнай справе аб набыцці і захоўванні наркотыкаў без мэты збыту, замаху на перамяшчэнне наркотыкаў праз мяжу і захоўванні з мэтай распаўсюджвання і распаўсюдзе заведама непаўналетняму парнаграфічнага матэрыяла праз інтэрнэт.

У кастрычніку 2024 года стала вядома пра вызваленне Чудзянцова. Незадоўга да гэтага Раман Пратасевіч паабяцаў апублікаваць вялікае інтэрв'ю з «рэальным стваральнікам Nexta», аднак у выніку «выкрывальны» матэрыял так і не з'явіўся.

— Ён не так даўно вызваліўся. І была дзіўная заява, нібыта ён хоча «вырашыць пытанне з Nexta». Ці вырашыў ён нешта?

— Не, мне на гэты конт нічога не вядома. Гэта трэба спытаць у тых, хто пра гэта пісаў. Якім чынам вырашыць пытанне? Чаму яны мне не паведамілі, каб я мог неяк абараніцца ад вырашэння пытання? Нейкі накід быў.

— Але ён не выходзіў з вамі на сувязь?

— Не. Я цяпер наогул не ведаю, дзе ён знаходзіцца і чым займаецца

Чытайце таксама:

Каго і чаму здаў Раман Пратасевіч. Гэта гісторыя пра тое, як адно фота можа змяніць усё жыццё. Многа жыццяў 

Былы палітвязень пра Чудзянцова: Ведаю людзей, якія ад яго пацярпелі за кратамі

Што вядома пра журналіста Уладзіміра Чудзянцова, затрыманага на польскай мяжы нібыта за наркотыкі?

Каментары да артыкула