БЕЛ Ł РУС

У ААЭ заканадаўства пачне пісаць штучны інтэлект

21.04.2025 / 23:14

Nashaniva.com

Аб'яднаныя Арабскія Эміраты заявілі пра запуск пілотнага праекта па інтэграцыі штучнага інтэлекту ў працэс стварэння і карэктавання заканадаўства. Калі эксперымент будзе паспяховым, то гэтая краіна стане першапраходцам у выкарыстанні алгарытмаў для падобных задач, паведамляе Financial Times.

Паводле даных мясцовых СМІ, сістэма будзе аналізаваць шырокую базу даных, якая ўключае федэральныя і рэгіянальныя законы, судовыя рашэнні, а таксама статыстыку па дзяржпаслугах.

На аснове гэтых звестак ШІ прапануе праўкі ў наяўныя нормы або новыя законапраекты, ацаніўшы іх патэнцыйны ўплыў на эканоміку і грамадства.

Віцэ-прэзідэнт ААЭ і кіраўнік Дубая шэйх Мухамед бен Рашыд Аль Мактум заявіў, што «гэтая новая заканадаўчая сістэма, кіраваная штучным інтэлектам, зменіць наш падыход да нарматворчасці, зрабіўшы гэты працэс больш хуткім і дакладным». Для кіравання працэсам створана спецыяльнае ведамства — Упраўленне інтэлектуальнага рэгулявання.

Улады ААЭ разлічваюць, што алгарытмы змогуць прагназаваць неабходнасць зменаў у законах да ўзнікнення крытычных сітуацый, а таксама скароцяць выдаткі на прыцягненне юрыдычных кансультантаў.

Пакуль іншыя дзяржавы выкарыстоўваюць штучны інтэлект пераважна для аналізу дакументаў або аптымізацыі бюракратычных працэсаў, у ААЭ тэхналогія зоймецца непасрэдным фарміраваннем прававых нормаў. Аднак эксперты звяртаюць увагу і на рызыкі, бо ШІ-мадэлі схільныя да генерацыі хлуслівай інфармацыі. Акрамя таго, іх рашэнні часта не паддаюцца інтэрпрэтацыі чалавекам.

Як папярэджвае даследчык Оксфардскага універсітэта Вінсэнт Штраубе, «хоць мадэлі ШІ ўражваюць, у іх усё яшчэ ёсць праблемы з надзейнасцю і ўстойлівасцю. Мы не можам ім давяраць».

Нягледзячы на скепсіс, у ААЭ маюць намер прадоўжыць эксперымент. Поспех ініцыятывы можа задаць трэнд на аўтаматызацыю дзяржкіравання, аднак пакуль пытанне аб тым, ці здольны ШІ адэкватна замяніць юрыстаў, застаецца адкрытым.

Чытайце таксама:

Сказаў «дзякуй» чату джыпіці — і кампанія ўлятае на дзясяткі мільёнаў даляраў

У Кітаі прайшоў паўмарафон з удзелам робатаў і людзей. У людзей атрымалася лепш

«Канкурэнцыя вельмі жорсткая». За апошнія гады некалькі кітайскіх навукоўцаў, якія займаліся ШІ, памерлі ў маладым узросце

Як штучны інтэлект зменіць нашу медыцыну за наступныя гады? Разважае беларуска-заснавальніца стартапа

Каментары да артыкула